Звесткі беларускай выведкі аб атручванні Навальнага перадалі ў ФСБ
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў / LIGA.net
Дадзеныя беларускай выведкі, якія нібыта даводзяць фальсіфікацыю звестак пра атручванне Аляксея Навальнага, перададзеныя ў ФСБ, затым іх атрымае Пуцін. Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова.
"Напэўна, ФСБ даложыць аб перададзеных беларускімі калегамі дакументах, безумоўна, не сумняваюся ў гэтым", — сказаў Пяскоў і падкрэсліў, што яму складана што-небудзь сказаць па змесце сабраных беларускім бокам матэрыялаў.
Пяскоў адмовіўся каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра фальсіфікацыю Германіяй і Польшчай дадзеных аб атручванні Аляксея Навальнага. Сказаў, што не знаёмы з гэтай інфармацыяй. І дадаў, што Расія завядзе дэ-юрэ крымінальную справу, калі знойдзецца пацверджанне наяўнасці атрутнага рэчыва ў арганізме Навальнага.
Аляксея Навальнага шпіталізавалі ў Омску 20 жніўня — яму стала дрэнна на борце самалёта. З Омска яго даставілі ў Берлін і змясцілі ў клініку "Charite". Ён знаходзіцца ў стане штучнай комы. У яго крыві знайшлі сляды інтаксікацыі. Нямецкія спецыялісты мяркуюць, што расійскага апазіцыянера атруцілі нервова-паралітычным атрутным рэчывам з групы "Навічок".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.