Зяленскі пракаментаваў магчымую адстаўку Валерыя Залужнага
Уладзімір Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню публічна пракаментаваў магчымую адстаўку Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага. Паводле яго слоў, "патрэбны перазагрузка, новы пачатак".
"Я маю на ўвазе нешта сур'ёзнае, якое тычыцца не аднаго чалавека, а напрамку кіраўніцтва краінай", — заявіў Зяленскі ў інтэрв'ю італьянскаму тэлеканалу Rai1. Ён прызнаў, што разважае "над гэтай заменай". Але ратацыя, паводле яго слоў, можа закрануць цэлы шэраг дзяржаўных кіраўнікоў, і не толькі ў ваенным сектары.
"Калі мы хочам атрымаць перамогу, мы павінны штурхаць усіх у адным напрамку, перакананыя ў перамозе, мы не можам адчайвацца, апускаць рукі, у нас павінны быць правільныя станоўчыя энергіі... Таму я кажу пра перазагрузку, пра замену, я маю на ўвазе нешта сур'ёзнае, якое тычыцца не аднаго чалавека, а напрамку кіраўніцтва краінай", — патлумачыў Зяленскі.
Нагадаем, інфармацыя аб магчымай адстаўцы Залужнага абмяркоўваецца ўжо працяглы час. У канцы студзеня розныя СМІ са спасылкай на свае крыніцы пісалі аб размове Зяленскага з Залужным, падчас якога ўкраінскі прэзідэнт прапанаваў галоўнаму УСУ сысці ў адстаўку. Той адмовіўся. У якасці замены Залужнаму Зяленскі разглядаў дзве кандыдатуры: камандуючага Сухапутнымі войскамі Сяргея Сырскага і кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Кірыла Буданава. Але Буданаў, паводле звестак заходняй прэсы, ад прапановы адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.