Зяленскі прыбыў у Гаагу, будзе сустрэча і ў Міжнародным крымінальным судзе
Уладзімір Зяленскі знаходзіцца з візітам у Нідэрландах / @uniannet
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з афіцыйным візітам у Нідэрланды, паведамляе Hromadske са спасылкай на спікера прэзідэнта Сяргея Нікіфарава. У Гаазе Зяленскі ўжо сустрэўся з прэзідэнтам Сената Янам Браўнам і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Верай Бергкамп. Зяленскі павінен таксама выступіць з вялікім зваротам да нідэрландскага грамадства і прадстаўнікоў міжнародных судовых інстытуцый, якія размешчаны ў Гаазе.
Акрамя таго, украінскі прэзідэнт мае намер наведаць Міжнародны крымінальны суд (МКС) і паразмаўляць з яго прэзідэнтам Пятром Хафманьскім. Нагадаем, у сярэдзіне красавіка МКС выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у датычнасці да здзяйснення ваеннага злачынства — незаконнай дэпартацыі грамадзян Украіны на шкоду ўкраінскім дзецям. А яшчэ раней МКС распачаў дзве крымінальныя справы аб ваенных злачынствах, звязаных з уварваннем Расіі ва Украіну. Расію абвінавачваюць у выкраданні ўкраінскіх дзяцей і наўмысным нанясенні ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.