11 школ Мінска вучаць па-беларуску, 7 крымскіх - па-ўкраінску

“У Мінску на сёння ў 11 установах адукацыі ёсць класы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. Усё па-беларуску - у 5 гімназіях і ў адной школе”, - падлічваюць у Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама беларускія школы ў амаль двухмільённым горадзе.

Паводле перапісу насельніцтва, у Мінску 80% беларусаў. Беларуская мова – родная для 645 тысяч мінчан, але дома на ёй гавораць толькі 106 тысяч.

У двухмільённым  Крыме, які чакае рэферэндума, каб аддзяліцца і адысці да Расіі, 7 школ з украінскай мовай навучання і 15 - з крымска-татарскай.

Акрамя гэтага, ёсць яшчэ асобныя класы ў іншых школах, дзе навучаюцца на украінскай і крымска-татарскай.  Па апошнім перапісе, там жыве дзве траціны рускіх, больш за чвэрць украінцаў і 12% татар.

“Колькасць школ з украінскай мовай мяняецца з года ў год, пад патрэбы насельніцтва”, - коратка тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі пакуль што аўтаномнай рэспублікі Крым.

У Беларусі фармальна палова школ з беларускай мовай навучання. Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў кажа:

“Гэта фармальна. Але ў іх вучыцца толькі 15% дзяцей - гэта маленькія вясковыя школы. У Мінску лепшая сітуацыя, тут некалькі беларускіх гімназій, школ, ёсць беларускамоўныя класы. Каля 2% дзяцей вучыцца па-беларуску. І колькасць тут не змяншаецца. А колькасць русукамоўных школ па краіне расце”.

Сталічныя гімназіі, дзе выкладаюць на беларускай мове, па словах старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозка, не змяшчаюць усіх жадаючых.

“У 20-й гімназіі там конкурсы, набіраюць па два классы, і яны заўжды запаўняюцца. І ў 4-й гімназіі, там яшчэ больш набіраюць. Але ў некаторых школах беларускія класы выпускаюцца ўжо, а новых не набіраецца”, - тлумачыць Алесь Лозка.

Школы і гімназіі Беларусі даюць адукацыю на мове 142 тысячам школьнікаў. Гэта толькі 15% ад усіх вучняў, паведамляе Белсат.

Фота: znyata.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі