12 у "Міратворцы", 1 беларус: што мы ведаем пра баевікоў, затрыманых пад Мінскам
Байцы ПВК "Вагнер", затрыманыя ў Беларусі / фота з сацсетак
Беларускія сілавікі заявілі пра затрыманне 33 байцоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі. СМІ апублікавалі прозвішчы затрыманых — некаторыя з іх ужо "свяціліся" як байцы расійскай ПВК "Вагнер".
Пісьменнік Захар Прылепін, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны, пацвердзіў, што ў спісе ёсць знаёмыя яму людзі. "Ёсць там два ці тры байцы з майго батальёна. Уласна, калі не дзясяткі, то сотні людзей працуюць у ПВК і ўдзельнічаюць у баявых канфліктах", — сказаў ён у каментары URA.RU.
12 з затрыманых — Алег Дрыга, Дзяніс Паўленка, Сяргей Харытонаў і іншыя — да сённяшніх падзей былі ўключаныя ў базу "Міратворца" — сайта, які фіксуе "злачынствы супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны". Усе яны ў розны час ваявалі ў так званых "ДНР" і "ЛНР".
Некаторыя з затрыманых — ураджэнцы Украіны, іншыя — расіяне. Ёсць сярод іх адзін беларус — Андрэй Бакуновіч.
Зрэшты, у дзяржаўных СМІ ў Беларусі свая версія. Інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы піша, што "больш за 200 баевікоў" прыбылі ў Беларусь "для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.