14 гадоў пекла скончаныя. Мінчанка выкупіла пакой, на які збірала грошы талакой
Мінчанка Паўліна Калтовіч знайшла 24 тысячы долараў, патрэбныя на выкуп другога пакою ў двухпакаёвай кватэры, дзе яна жыве. Ён заставаўся ва ўласнасці сваякоў памерлай суседкі-пенсіянеркі, з якой дзяўчыне давялося жыць на працягу 14 гадоў. Каб вырашыць кватэрнае пытанне, Паўліна Калтовіч прайшла праз суд, міліцыю і шматлікія скандалы.
У кастрычніку яна пачала збіраць сродкі на выкуп пакою праз краўдфандынг і паабяцала вярнуць усе грошы пасля продажу кватэры цалкам. Збор сродкаў талакой дзяўчыне нічога не даў, а дапамог Паўліне яе знаёмы — ён пазычыў адразу ўсю суму.
“Суседзі ў апошні момант адмовіліся прадаваць пакой менавіта мне”
“Гэтая гісторыя, якая цягнулася 14 гадоў, каштавала мне шмат нерваў, — распавядае Еўрарадыё Паўліна Калтовіч. — Рэальна думала, што не спраўлюся, але ў рэшце рэшт ўсё атрымалася. Знайшоўся чалавек, які быў гатовы пазычыць неабходную суму. Праўда, суседзі ў апошні момант адмовіліся прадаваць пакой менавіта мне”.
Адносіны паміж Паўлінай і сваякамі памерлай пенсіянеркі, якая жыла ў другім пакоі, не склаліся адразу. Скандалы, выклікі міліцыі і пагрозы былі звычайнай справай. На думку Паўліны Калтовіч, уласнікі пакоя спецыяльна цягнулі з продажам і здзекаваліся з яе.
Маці Паўліны — пенсіянерка і жыве не ў сталіцы. Каб не турбаваць жанчыну і ўсё ж такі выкупіць другі пакой, частку кватэры яна перапісала на дачку. Праз некалькі дзён уласнікі другога пакоя згадзіліся на здзелку з Паўлінай Калтовіч. Дзяўчына зноў звярнулася да знаёмага, які мог дапамагчы грашыма.
“Чалавеку такая сітуацыя, зразумела, надакучыла, бо гэта не яго праблема — разбірацца з суседзямі, якія спачатку згодныя прадаваць, а потым не, — кажа Паўліна. — Упэўненасці, што знаёмы мне дапаможа, не было, але чалавек пагадзіўся, і 2 лістапада суседзі прадалі пакой”.
Пасля набыцця пакоя праблемы з суседзямі не скончыліся
Але нават пасля канчатковага афармлення дакументаў пакуты Паўліны Калтовіч не скончыліся. Былыя ўладальнікі не забралі свае рэчы, якія трэба было вывезці. Праз некалькі дзён адбыўся чарговы скандал.
“Яны прыйшлі і пачалі крычаць на мяне, — узгадвае дзяўчына. — Пачаліся пагрозы, штурханіна. Я баялася правакацый ад былых уладальнікаў, таму дазволіла прыйсці толькі з юрыдычным прадстаўніком. Са скандалам, але свае рэчы яны забралі”.
Знайсці сёння чалавека, які пазычыць 24 тысячы долараў, мякка кажучы, няпроста, кажа Паўліна Калтовіч. Каб знаёмы не хваляваўся за грошы, было вырашана другі пакой кватэры аформіць на яго.
“Адна справа, пазычыць 100 долараў, а іншая — тысячы, — кажа Паўліна. — Чалавек выкупіў пакой, мы так дамовіліся. Маю намер прадаць кватэру цалкам, разлічыцца з доўгам і набыць жыллё сабе”.
Цяпер Паўліна Калтовіч шукае прыдатнае жыллё для сябе. Кажа, што хацела б невялікі домік недалёка ад горада.