Аліну Коўшык выключылі са спісу кандыдатаў у новы склад КР
Аліна Коўшык
Выбарчая камісія Каардынацыйнай рады выключыла прадстаўніцу Аб'яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліну Коўшык з выбарчага спісу "Еўрапейскага выбару". Пра гэта палітык расказала ў сацсетках.
Сама Коўшык лічыць прычыну "фармальнай": "Нібыта мае імя і прозвішча не адпавядаюць майму імя і прозвішча ў беларускім пашпарце". Па яе словах, "Аліна Коўшык" — яе сапраўднае імя. У беларускім пашпарце фігуруе падвойнае прозвішча, якое яна ніколі не выкарыстоўвала публічна.
Коўшык кажа, што даслала ў выбарчую камісію КР беларускі пашпарт, каб верыфікаваць сваю асобу і пацвердзіць беларускае грамадзянства.
"Але я лічу, што выкарыстанне падвоенага прозвішча будзе ўплываць на вынік галасавання, паколькі беларусы мяне не ведаюць пад гэтым двайным прозвішчам. Больш за тое, я не хачу верыць у тое, што гэта нейкая спроба, палітычна-матываваная, выключыць аднаго з лідараў спісу "Еўрапейская Беларусь" [насамрэч "Еўрапейскі выбар". — Еўрарадыё]. Мы будзем падаваць апеляцыю, якую ўжо цяпер рыхтуем з нашымі юрыстамі", — заявіла палітык і заклікала выбарчую камісію КР "да канструктыўнага падыходу".
Лідар спісу "Еўрапейскі выбар" Аляксандр Дабравольскі патлумачыў, што падвойнае прозвішча ў пашпарце Аліны Коўшык — гэта яе цяперашняе прозвішча і прозвішча яе былога мужа. "Памяняць пашпарт цяпер магчымасці няма, як усім вядома. А ўказваць прозвішча былога мужа Аліна не хацела б па зразумелых прычынах", — заяўляе Дабравольскі. Ён дадае, што Коўшык дала неабходныя тлумачэнні камісіі, але яе ўсё адно выключылі з выбарчага спісу.
25 красавіка выбарчая камісія зацвердзіла 12 з 13 спісаў, пададзеных на выбары ў Каардынацыйную раду. Ад сённяшняга дня ўдзельнікі выбараў могуць пачаць агітацыйную кампанію. Вынікі выбараў абяцаюць абвясціць 8 чэрвеня, а першае пасяджэнне новага склікання КР запланаванае на 15 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.