2 снежня ў Беларусі прагназуецца галалёдзіца
Аранжавы ўзровень небяспекі абвясцілі ў Беларусі 2 снежня з-за галалёдзіцы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Чакаецца воблачнае, з праясненнямі надвор'е. У некаторых раёнах прагназуюцца невялікія ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, слабы туман і галалёд. Уначы і зранку на дарогах будзе галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні з пераходам на паўночна-заходні 3-8 метраў за секунду.
Уначы слупок тэрмометра пакажа ад 4 градусаў марозу да 2 градусаў цяпла (у Мінску — ад 0 да +2). Удзень будзе -1...+4 (у сталіцы — 1-3 градусы цяпла).