29 сакавіка афіцыйна пачынаецца "брэкзіт"

29 сакавіка афіцыйна пачынаецца "брэкзіт"

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй падпісала ліст, які афіцыйна запускае працэс выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза, перадае Бі-Бі-Сі.

Старшыня Еўрасавета Дональд Туск атрымае гэты ліст у 14.30 паводле мінскага часу ад амбасадара Вялікабрытаніі ў ЕС Ціма Бароў. Гэты момант стане фармальным пачаткам працэдуры "брэкзіта".

Пасля гэтага Мэй сустрэнецца з кабінетам міністраў, а потым выступіць у брытанскім парламенце. У сваёй прамове яна афіцыйна паведаміць пра пачатак выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Вядома, што ў сваім выступе Мэй закліча краіну да аб'яднання.

29 красавіка пройдзе саміт лідараў ЕС, у якім Вялікабрытанія ўжо не будзе ўдзельнічаць. Чакаецца, што на саміце Еўракамісія атрымае мандат весці перамовы наконт "брэкзіту". Пасля гэтага яна абнародуе прыкладны план перамоваў, а самі перамовы пачнуцца ў траўні-чэрвені.

Згодна з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы, у бакоў ёсць два гады, каб прыйсці да пагаднення наконт працэсу выхаду краіны з ЕС. Бакі таксама могуць дамовіцца падоўжыць гэты тэрмін.

На пачатку лютага ўрад Вялікабрытаніі апублікаваў план выхаду краіны з ЕС. Згодна з ім, Вялікабрытанія пакіне адзіны рынак ЕС і ўвядзе новыя мытныя правілы для гандлю з Еўрасаюзам. Краіна таксама выйдзе з-пад юрысдыкцыі Еўрапейскага суда і ўсталюе ўласную сістэму кантролю за прыбыццём мігрантаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі