470 тысяч беларусаў жывуць за рысай беднасці
5% жыхароў Беларусі ў 2019 годзе існавалі за рысай беднасці. Такую статыстыку падае Белстат у сваім даведніку "Беларусь у лічбах".
У вёсцы доля тых, хто трапіў у лік малазабяспечных, была ўдвая большай, чым у горадзе (у гарадах — 4%, у вёсцы — 8%). За рысу беднасці залічваюцца людзі, чые сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы ў месяц меншыя за бюджэт пражытковага мінімуму.
Бюджэт пражытковага мінімуму ў 2019 годзе вагаўся ад 214,21 рубля да 231,83 рубля.
Колькасць насельніцтва ў Беларусі летась складала 9 мільёнаў 408 тысяч чалавек. З гэтага вынікае, што за рысай беднасці апынулася каля 470 тысяч беларусаў.
Дарэчы, у 2019 годзе доля малазабяспечаных жыхароў у Беларусі была самай нізкай за апошнія чатыры гады. У 2018 годзе яна складала 5,6%, у 2017-м — 5,9%, у 2016-м — 5,7%.
Сярэднедушавы даход не супадае з сярэднім заробкам. Сярэднедушавы даход — гэта агульны аб'ём даходаў, падзелены на колькасць насельніцтва. Пры гэтым улічваецца ўсё насельніцтва, у тым ліку беспрацоўныя, пенсіянеры, непаўналетнія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.