ААН: вядома пра 450 выпадкаў катаванняў беларускіх пратэстоўцаў
ААН заяўляе пра 450 задакументаваных выпадкаў катаванняў пасля акцый пратэсту ў Беларусі.
Паводле звестак арганізацыі, большасць людзей, зніклых без вестак, былі знойдзеныя. Аднак сваякі і блізкія не ведаюць пра месцазнаходжанне і стан здароўя як мінімум шасці чалавек.
Таксама ёсць звесткі пра "гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, у тым ліку сексуальны гвалт".
Інфармацыю апублікавала 1 верасня ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дакумент падпісалі 13 экспертаў. Аўтары заявы заклікаюць прыцягнуць вінаватых да адказнасці і забяспечыць кампенсацыю ахвярам і іх сем'ям.
"Свабода ад катаванняў — адно з тых правоў чалавека, якія лічацца настолькі важнымі, што яго нельга абмяжоўваць або прыпыняць ні пры якіх абставінах", — падкрэсліваюць эксперты ААН.
Паводле звестак, якия публікаваліся ў беларускіх СМІ, у Следчы камітэт было пададзена каля 600 заяваў пра злоўжыванне паўнамоцтвамі і збіццё з боку сілавікоў. Звестак пра тое, што пачатая хаця б адна крымінальная справа, пакуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.