Абама заклікае Расію пераканаць баевікоў ва Украіне скласці зброю
Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве падчас свайго турнэ па Еўропе.
"Расіі неабходна выкарыстоўваць свой уплыў з мэтай пераканаць прарасійскія сілы ва Украіне скласці зброю", — перадае РБК словы прэзідэнта ЗША. Ён дадаў, што ЗША выступаюць за дружалюбныя адносіны з Расіяй. Разам з тым Барак Абама адзначыў, што калі Расія парушыць міжнародныя прынцыпы, NАТО будзе іх цвёрда абараняць.
Таксама прэзідэнт ЗША заявіў, што хоча прасіць 1 млрд долараў у кангрэса "для ўмацавання еўрапейскай бяспекі". Абама кажа, што ў сувязі з украінскім крызісам і "новымі выклікамі бяспекі на кантыненце" ЗША будуць пераглядаць палітыку прысутнасці ўзброеных сіл у Еўропе. У прыватнасці, будуць актывізаваныя праграмы падрыхтоўкі і навучання вайскоўцаў, будуць праводзіцца вучэнні. Таксама ЗША маюць намер праводзіць разгортванне дадатковых сіл ВМС у Чорным і Балтыйскім марах.
Фота — 112.ua