Аблокі ад вывяржэння вулкана на Канарах дайшлі да Мінска — небяспекі няма
Вывяржэнне вулкана Кумбрэ-В'еха можа працягнуцца да Калядаў / EPA / Vostock-photo
Серавадародныя аблокі ад вывяржэння вулкана Кумбрэ-В'еха на Канарскіх астравах дабраліся да Мінска, паведамляюць "Мінск-Навіны". Па дадзеных сіноптыкаў, небяспекі для жыхароў сталіцы яны не ўяўляюць.
Вывяржэнне вулкана Кумбрэ-В'еха на востраве Пальма (Канарскі архіпелаг) пачалося 19 верасня. Праз 10 дзён лава дасягнула акіяна, у выніку чаго пачалі вылучацца таксічныя выпарэнні. Паводле інфармацыі з інтэрактыўных карт, серавадародныя аблокі ў пачатку гэтага тыдня дабраліся да Беларусі.
Разам з тым туман не паўплываў на якасць паветра ў сталіцы, запэўнілі ў Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
У перыяд з 1 па 21 кастрычніка якасць паветра ў Мінску ацэньвалася як даволі добрая. Нарматывы гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у паветры не перавышаныя. Атмасферныя ападкі, якія выпалі ў сталіцы з 20 па 22 кастрычніка, былі нейтральныя.
Вулкан Кумбрэ-В'еха можа працягнуць вывяржэнне да Калядаў. Паводле апошніх звестак, лава ўжо знішчыла больш за 880 гектараў зямлі і разбурыла больш за 2100 будынкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.