"Абмеркаванні рэальныя" — у Вільні дапускаюць закрыццё мяжы ЕС з Беларуссю
Мяжа Літвы і Беларусі / delfi.lt
У выпадку ўзнікнення правакацый на мяжы з Беларуссю Літва, Польшча і Латвія могуць прыняць сумесную пастанову аб закрыцці мяжы, заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус. "Абмеркаванні рэальныя", — цытуе яго словы Delfi.
Напярэдадні міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі сказаў, што Польшча, Літва і Латвія могуць сумесна прыняць рашэнне аб закрыцці сваіх межаў з Беларуссю. Гэта можа здарыцца, калі на мяжы РБ і ЕС адбудзецца "сур'ёзны інцыдэнт" з удзелам вагнераўцаў. Польскі міністр падкрэсліў, што не выключае, што гэтае сумеснае рашэнне прывядзе да поўнай ізаляцыі Рэспублікі Беларусь.
"Магчымасць закрыцця мяжы існуе. Пытанне ў тым, як далёка пойдзе беларускі рэжым, безумоўна, узгадніўшы з расійскім рэжымам. Якія паўнамоцтвы будуць дадзены "Вагнеру", — разважае Абрамавічус. Ён не выключае, што вагнераўцы могуць спрабаваць пераходзіць нелегальна мяжу пад выглядам мігрантаў "з мэтай выклікаць кропкавыя беспарадкі".
Украінскі вайсковы эксперт, былы дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч выказваў меркаванне, што вагнераўцаў, замаскаваных пад мігрантаў, можа цікавіць не Польшча, а Літва і Латвія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.