Ад байцоў "Правага сектара" патрабуюць выйсці з Марыупаля
Яны ўдзельнічаюць у абароне горада ўжо некалькі месяцаў. Аднак цяпер кіраўніцтва антытэрарыстычнай аперацыі вырашыла пазбавіцца ад добраахвотнікаў.
Кіраўніцтва сектара "М" (поўдзень Данецкай вобласці) антытэрарыстычнай аперацыі дало загад добраахвотніцкім батальёнам да 1 красавіка пакінуць зону яе правядзення. У прыватнасці, яго атрымаў камандзір 8-й асобнай роты Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу "Правы сектар" Андрэй Чэрвень, інфармуе УНІАН. Гэтае добраахвотніцкае падраздзяленне абараняе Шырокіна на ўсход ад Марыупаля. Паводле слоў Чэрвеня, з зоны правядзення антытэрарыстычнай аперацыі мусяць выйсці ўсе фармаванні, якія не ўваходзяць у склад Узброеных Сілаў Украіны ці Нацгвардыі.
Андрэй Чэрвень выступае катэгарычна супраць такога загаду, але кажа, што мусіць яму падначаліцца. Ён адзначае, што вывад добраахвотнікаў аслабіць абарону Марыупаля і яго наваколля. Начальнік штаба 8-й асобнай роты Арцём Луцак назваў гэтыя падзеі "нейтралізацыяй добраахвотніцкіх батальёнаў" і "здрадай".
Прадстаўнікі сектара "М" тлумачаць свае дзеянні тым, што "грамадзянскія людзі" не могуць ваяваць, яны мусяць уступіць у склад афіцыйных падраздзяленняў сілаў антытэрарыстычнай аперацыі.
Тым часам кіраўнік інфармацыйнага цэнтра "Правага сектара" Арцём Скарападскі заявіў, што байцы не будуць выконваць "здрадніцкія загады" і што ў іх ёсць свой камандзір — Дзмітрый Яраш. Дагэтуль падраздзяленні ДУК "Правы сектар" толькі ўзгаднялі сваю дзейнасць з Узброенымі Сіламі, Генштабам і СБУ.
Добраахвотніцкія ўкраінскія падраздзяленні могуць адвесці з фронту і ў раёне Данецка, а там, як вядома, ваюе і група беларусаў.
Фота: АР