Адбор на Еўрабачанне: Дарт Вэйдар, Элвіс і песні настаўніц пра Каржа (фота)

Натрапляем адразу на Пантэрку-Нірванку з гурта "Firespirit": рок-каманда спявае пра секс і рок-н-рол. Змяняе рокераў Doom dance з закосам пад Мортэна Харкета. Потым — спявачка NaTta з песняй у духу мінулагодняй "надзеі" Алёны Ланской "Solayoh".

Адзначаем Ярыка Ракіціна з Салігорска. Спявак і аўтар песень многіх артыстаў выконвае беларускамоўную "Усё так".


"Насамрэч, я вельмі люблю беларускую мову, і ў мяне шмат песень на ёй. Я лічу, што на сённяшні дзень мы цэлая нацыя — чаму мы не мусім гэтага рабіць? — каментуе Ярык Ракіцін. — Мы павінны ўслаўляць сваю мову! Паглядзіце, як трымаюцца маленькія Балканы за свае мовы? Я не супраць тых, хто размаўляе па-руску. Але паколькі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, давайце, калі мы ўжо дасылаем на "Еўрабачанне” песню, няхай яна будзе на нашай роднай!"

Ярык Ракіцін


Чакаем фрыка! Ведаем, што ёсць нехта Алекс-Нармалекс у касцюме Дарта Вэйдара. Потым Дарт пераўтвараецца ў Элвіса Прэслі, а Элвіс — у марака, які ірве на сабе цяльняшку. Шоў разварочваецца на фоне песні з "адпаведнай" нумару назвай "Эх, славянская душа!".


Алекс-Нармалекс

"Ёсць выпадкі, калі падабаецца песня, але, на жаль, не дацягвае вакал, — разважае мінулагодняя ўдзельніца "Еўрабачання" ад Беларусі, удзельніца журы Алёна Ланская. — Дзяўчына добра апранулася, патраціла час на касцюмы, але ў нумары праблемы з вакалам. Галоўны крытэрый адзнакі — гэта, вядома, чыстата выканання, песня і разынка ў самім выканаўцы: гэта можа быць тэмбр ці выдатны нумар".

Napoli


Паўнавартасных нумароў, дарэчы, малавата. Апроч Алекса-Нармалекса замарочыўся над шоў на момант нашай прысутнасці на адборы хіба толькі квартэт Napoli. Гурт доўга чакала журы, бо дзяўчаты не маглі справіцца з шыкоўнымі спадніцамі са шлейфам.


"Сёлета мы паставіліся вельмі сур'ёзна да гэтага мерапрыемства: пашылі сукенкі, паставілі нумар, — перабіваюць адзін аднаго Napoli. — Калі мы праходзім у фінал, нумар будзе карэктавацца. Будуць падключацца людзі больш высокага ўзроўню, будуць іншыя касцюмы. Мы лічым, што наша песня — гэта сапраўды еўрапесня. Па ўзроўні яна нават лепшая за песні еўрапейскіх выканаўцаў. Бо яна з усходнім кірункам некалькі, а Усход — гэта Амерыка".


Пасля перапынку журы нібыта адтайвае, пачынае актыўна каментаваць нумары ўдзельнікаў. Звяртае ўвагу на дуэт Strogo Bobruisk з песняй "Про Макса Коржа".


"Я працую ў школе настаўніцай, і не маю музычнай адукацыі, — распавядае Алена Хацько. — Песня напісаная на інтуітыўным ўзроўні. У моладзевым асяроддзі Корж вельмі папулярны. Ён як увасабленне моладзевага руху. Мае школьнікі яго вельмі любяць".


Прыемным адкрыццём адбору робіцца кобрынска-маскоўскае ўтварэнне SDband: бубнач гурта — у мінулым  ударнік Litesound. Ігнат добра ведае кухню конкурсу, таму і песню выбірае даволі яскравую.


 

Кульмінацыяй першай часткі адбору становіцца выступ гурта Nuteki — адных з негалосных фаварытаў сёлетняга "Еўрабачання". На сцэну таксама выходзяць Дарыя, Макс Лорэнс разам з гітарыстам Дзядзюлем, Іван Буслай, Наталля Тамэла і гурт HandmadE.


"Кожны год адборачны конкурс дае нешта новае, — рэзюмуе народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. — Радуе тое, што вельмі вырасла якасць інструментальнага суправаджэння. Радуе тое, што многія ўжо разумеюць фармат гэтага конкурсу, новыя імёны і тое, што ўдзельнічаюць папулярныя выканаўцы. Існуе, натуральна, пераемнасць конкурсу. Але ўсё роўна пераможа нешта новае, вось гэта я вам гарантую".


29 лістапада працягнуцца праслухванні прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2014" ад Беларусі. А ўвечары на сайце БТ, якое займаецца адборам як адзіны ў Беларусі ўдзельнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, з'явяцца імёны 15 фіналістаў. Пераможца вызначыцца на пачатку студзеня шляхам галасавання журы і тэлегледачоў. Сам конкурс пройдзе ў Капенгагене ў траўні наступнага года.

Дарыя

Георгій Калдун
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі