Аддис Абеба “Механизм”

121108_agljadacha.mp3

Пасля даволі доўгай паўзы гурт “Аддис Абеба” выдаў альбом “Механизм”. Праца над пласцінкай цягнулася больш за 2 гады, а альбом мусіў пабачыць свет як мінімум год таму. Усяму віной — жорсткі дыск, які згарэў з усімі запісамі. Але аптымісты “Аддис Абеба” нават задаволеныя такім развіццём падзей — узяўшыся за працу зноў, музыкі надалі  “Механизму” зусім іншае гучанне.

 enikibeniki.mp3

Перапрацаваны рэліз гучыць свежа і па-сучаснаму, і нават уключае ўдалую (як ні дзіўна) спробу падключыць да гурта бэк-вакал. На ролю бэк-вакалісткі абралі Аляксандру Васілеўскую, жонку гітарыста каманды Аляксея Машчэнікава. Але на гэтым “эксперыменты” не скончыліся — “Механизм” ствараўся крыху дзіўным чынам — музыкі перазапісвалі свае партыі дома і пасля перасылалі іх адзін аднаму па інтэрнэце. З аднаго боку, хлопцы спрабуюць аднавіць бадзёры настрой сваіх першых выступаў, з іншага — спрабуюць адкрыць новыя гукі і ідэі. У музыцы гурта з’явілася заўважна больш клавіш, духавых і абсалютна чароўны, харызматычны саксафон, які хочацца вылучыць асобна. І гэта той самы выпадак, калі эксперыменты гурту відавочна на карысць. Паслухайце, як у песні “Собака” музыкі фліртуюць з джазам.

 sobaka.mp3

Аптымістычныя, рознакаляровыя кампазіцыі альбома раптам змяняюцца задуменнымі восеньскімі настроямі і нечаканымі гітарнымі партыямі. Так, у песні-роздуме “Ноябрь” крыху аднастайную вакальную партыю Дзімы Іванова аздабляюць скупыя дажджліва-меланхалічныя россыпы клавіш і сола саксафона.

 nojabr.mp3

Акрамя новых кампазіцый у альбом увайшлі і некалькі трэкаў, якія ўжо выдаваліся на першых пласцінках гурта. Напрыклад, прадстаўленая ў “Механизме” песня “Детка” была на альбоме “Шифроваться”. І што цікава, — у выглядзе рэмікса. Арыгінальная ж версія кампазіцыі адкрываецца шыкоўным сола саксафона і мяккімі рытмамі боса-новы. Адчуваецца ў ёй нешта інтымнае, цёплае. Музыку літаральна перапаўняюць пачуцці ўдзячнасці і любові: Зміцер спявае з цягай і запалам прапаведніка, шчырасцю блюзмэна, расстаўляючы там і тут тонкія акцэнты майстра рэгі.

detka.mp3

“R.N.B.” – адна з пярлін пласцінкі, дзе Іван пад бойкія рытмы духавой секцыі выконвае фактычна педагагічную паэму пра гісторыю вынесенага ў загаловак жанру. Адзіны мінус — радок пра “рэпера, які спявае пра ЛамбарДЖЫні”. Ламбаргіні, даражэнькія, Ламбаргіні! Калі ўжо вывучым?.. Але — ладна.

rnb.mp3

Час ад часу, калі прадзіраешся скрозь трэкі “Механизма” падаецца, што каманда нібыта згуртавалася супраць заганаў грамадства. Але толькі прывыкаеш да гэтай думкі і прасякнешся ёю, як ад праблем на глебе татальнага антыглабалізму музыкі раптам зноў пераходзяць да “катастроф кахання” з усімі яго рамантычнымі ўздыхамі, задорнымі клавішамі і палкім саксафонам. "Сука-весна" магла б гучаць банальна, але не ў “Аддис Абебы”, якія вераць у кожнае праспяванае слова.

sukavesna.mp3

Увогуле, “Механизм” выклікае змешаныя пачуцці: “убойная” другая палова альбома ўсё ж дапамагае забыць крыху зацягнуты і марудны пачатак пласцінкі. Няхітрыя аранжыроўкі, небанальныя тэксты, жывая духавая секцыя — цудоўны набор для розуму, сэрца і ног, між іншым, таксама. Раю замест лекаў ад лістападаўскай меланхоліі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі