Адключэнні БелАЭС — планавыя. Але плана няма
Невядома, ці будзе АЭС адключацца зноў / Еўрарадыё
7 красавіка першы энергаблок БелАЭС быў адключаны ад сеткі. З 3 лістапада, калі ён быў уключаны ў энергасістэму Беларусі, гэта ўжо сёмы раз. І амаль заўсёды Мінэнерга паведамляе, што адключэнні — планавыя. Напрыклад, так было 10 сакавіка і 20 лютага.
Што гэта за план, у адпаведнасці з якім адключаюць энергаблок? І ці існуе ён наогул? І калі так, то, значыць, ужо цяпер можна даведацца даты адключэнняў у будучыні? Еўрарадыё задало гэтыя пытанні атамшчыкам і чыноўнікам.
"Плана падключэнняў і адключэнняў няма"
— Некаторыя блытаюць этап прамысловай і доследна-прамысловай эксплуатацыі. Доследна-прамысловая эксплуатацыя — гэта этап наладжвання абсталявання і сістэм блока. Праводзяцца адпаведныя выпрабаванні. З 394 большасць выканана. І, самае галоўнае, праводзяцца паўторныя выпрабаванні, у тым ліку з адключэннем блока, каб пераканацца, што ўсё будзе працаваць надзейна і бяспечна, — кажа прэс-сакратарка Мінэнерга Вольга Казловіч.
Наша суразмоўніца падкрэслівае, што такая практыка — норма для ўсяго свету.
— Задача гэтага этапу, уводу ў эксплуатацыю, гэта не выпрацоўка кілават-гадзін (хоць гэта, вядома, прыемны бонус для БелАЭС), а маштабнае выпрабаванне, — расказвае Еўрарадыё кансультант Дзяржатамнагляду Алег Собалеў. — Ёсць праграма доследна-прамысловай эксплуатацыі, якая павінна быць цалкам выкананая. Яна ўключае гэтыя 394 выпрабаванні. Асобнага плана падключэнняў і адключэнняў няма.
Камерцыйная эксплуатацыя БелАЭС пачнецца пасля таго, як станцыя атрымае ліцэнзію. А пакуль, паралельна завяршэнню работ па наладжванні абсталявання, на АЭС рыхтуюцца да комплекснага апрабавання блока на намінальнай магутнасці. Гэта значыць на такой, як пры нармальным рэжыме работы АЭС.
— Гэта праца будзе праводзіцца на працягу 15 сутак і ёсць завяршальным этапам доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гэта адна з найбольш адказных эксплуатацыйных аперацый. Яна звязвае ўсё абсталяванне з сістэмы блока атамнай станцыі, — расказвае прэс-сакратарка Мінэнерга.
Адключаць БелАЭС будуць па неабходнасці
Цікавімся, калі этап завяршальны, то магчымых адключэнняў засталося не так шмат ці іх зусім не будзе?
— Дакладна па колькасці не магу сказаць. У залежнасці ад неабходнасці. Засталіся апошнія дынамічныя выпрабаванні. Калі мы ўбачым, што не патрабуецца даналаджвання абсталявання і дарэгулявання, то спыненняў больш не будзе. Мы бачым, што гэта інфармацыя вельмі запатрабаваная, таму стараемся загадзя тлумачыць, для чаго адключаецца энергаблок — якія выпрабаванні праводзяцца, — кажуць у Мінэнерга.
Алег Собалеў заклікае беларусаў сачыць за сайтам Дзяржатамнагляду.
— Набліжаецца увод БелАЭС у эксплуатацыю. А гэта не толькі сам аб'ект, а цэлая інфраструктура. У тым ліку рэгулявальны складнік гэтай інфраструктуры. Мы пачынаючы з сярэдзіны лютага праводзім серыю інфармацыйных мерапрыемстваў, у час якіх расказваем пра элементы гэтай інфраструктуры, у якім яны стане, як яны ствараліся, да якога выніку мы прыйшлі.
У прадстаўнікоў БелАЭС аператыўна атрымаць каментар не ўдалося, але Еўрарадыё абяцалі адказаць "у тым самым ключы", што і ў Мінэнерга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.