Адзін дзень у Амстэрдаме

Каб атрымаць сваю дозу каляровага і гіперэмацыйнага Амстэрдаму, зусім не абавязкова ляцець з вакзалу ў бліжэйшы кафешоп. Гэты горад сам як наркотык — увядзе ў эйфарыю, прымусіць падумаць і раскрые сэнс жыцця. Усяго і трэба, што без аніякага плану пабадзяцца па вуліцах. Калі план усё ж патрэбны — план горада, як мінімум, — мапу можна раздрукаваць у спецыяльнай машыне-аўтамаце. Бясплатна. І не прыставаць да людзей.

Хаця людзі там адкрытыя і не супраць пабалбатаць і дапамагчы парадай.



Мы выбралі самую смешную параду... Ідзем у краму з кедамі — паглядзець на прыгожыя дарагія кеды.




А бонусам апыняемся яшчэ ў галерэі і цырульні: гэта ўсё ў адной краме. Пачынаем разглядваць карціны, а прадавец ужо пытаецца: “Можа, хочаце гарбаты?”
10 хвілінаў гарбаты, і мы даведваемся, што амстэрдамскіх бамжоў стрыгуць бясплатна крутыя стылісты — дзеля прыгажосці ва ўсім свеце.



“Мая сяброўка, з якой мы трымаем гэты магазін, любіць на выходных ладзіць акцыі — выязджаць і бясплатна стрыгчы бяздомных людзей і непаўналетніх мам. Яны яе вельмі любяць!” — расказаў нам Дзік, уладальнік крамы “Barrio”.



У Амстэрдаме ўвогуле шмат альтруістаў. Давялося пачуць гісторыю пра 70-гадовую бабулю, якая валодае бардэлем у раёне Чырвоных ліхтароў, жыве на самым верхнім паверсе, а вечарамі пад настрой спускаецца пастаяць у вітрыне і счапіць аднаго-двух кліентаў. "Я гэта раблю не дзеля грошай, — кажа яна. — Я проста люблю сваю працу".



Рушым далей. Бачым натоўп людзей, які стаіць пасярод вуліцы і гудзіць, як вулей. Канцэрт? Дэманстрацыя? Аказалася, гэта звычайны піў-бар па-галандску: усе стаяць з куфлямі ў руках, шчыльна адзін да аднаго, і гамоняць наўпрост на вуліцы.

Але годзе бадзяцца. Трэба ехаць у госці. У пошуках ровара пачулі яшчэ адну цікавую параду: “Навошта браць напракат, лепш пастойце на любой вуліцы, крыху пачакайце — і ровар вам прапануюць. За 10 еўра назаўсёды. Крадзены”.



Ну… Мы паехалі ў госці на трамваі. Нас сустрэў добры і вясёлы галандзец Сандрас. Аказалася, гей. Проста гей, у Амстэрдаме гэта нікога не дзівіць. Сандрас прапанаваў схадзіць у клуб:

“Мы больш любім андэграўндныя — гей-клубы я маю на ўвазе. Пра іх турысты не ведаюць, там шыкоўная атмасфера і ўсё таннае, піва па 2 еўра. Я вас туды правяду! Толькі вам патрэбна будзе стаць лесбіянкамі на адну ноч, інакш не пусцяць. Вы не супраць?”

У Амстэрдаме — не супраць!



У клубе, куды мы прыехалі, была дрэнная музыка, але непаўторная атмасфера. Самае смешнае, што мы запомнілі з той вечарыны, — гэта дзяўчынку-лесбіянку, якой мы дапамагалі выбіраць пару на ноч. Мы ацэньвалі дзяўчат і абураліся разам з ёй: “Напрыходзілі тут розныя гетэрасэксуалкі, няма на каго вока пакласці!”.



Можа, і яшчэ што было ў той адзін дзень у Амстэрдаме, але хто ж вам праўду да канца раскажа. Ну... можа толькі мясцовы алкаголік, які спявае калыханку стомленым амстэрдамскім жыхарам. Паедзьце і спытайце яго!

Фота: Міла Котка

Слухай іншыя рэпартажы пра Галандыю і выйграй 2 квіткі ў Амстэрдам: "ТЭЛЕПОРТ У ГАЛАНДЫЮ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі