Афіцыйны Кіеў не заплаціць "Газпраму" за газ, спажыты баевікамі
Нацыянальная акцыянерная кампанія "Нафтагаз Украіны" адмаўляецца плаціць "Газпраму" за газ, пастаўлены спажыўцам у так званыя "Луганскую і Данецкую народныя рэспублікі", перадае УНІАН. Украінская кампанія заяўляе, што не прымала паліва ад расійскага манапаліста на пунктах ўваходу ва ўкраінскую газатранспартную сістэму, якія знаходзяцца на тэрыторыі, непадкантрольнай украінскаму ўраду.
Заява "Нафтагазу" прагучала ў адказ на патрабаванні "Газпраму" заплаціць 670 мільёнаў долараў. Расійскія пастаўшчыкі заяўляюць, што газ на такую суму быў пастаўлены спажыўцам Данецкай і Луганскай абласцей з лютага 2015 года па красавік 2016-га.
Украінскі дзяржаўны холдынг падкрэслівае, што з лістапада 2015 года не купляе газ у "Газпрама", а да гэтага імпартаваў газ толькі праз пункты ўваходу на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. За ўвесь газ, набыты "Нафтагаз" у "Газпрама" ўкраінскі бок разлічыўся, адзначаюць у Кіеве.
У "Нафтагазе" адзначаюць, што ўсе спрэчныя моманты па ўзаемных патрабаваннях з "Газпрамам" знаходзяцца на разглядзе Арбітражнага суда Стакгольма.