Агрэсіўны бабёр тры дні тэрарызаваў жыхароў пасёлка ў Бабруйскім раёне
Бабёр / pixabay.com, илюстрацыйнае фота
Жыхароў вёскі Глуша ў Бабруйскім раёне тры дні тэрарызаваў бабёр. Дзікая жывёла шыпела, кідалася на навакольных і не пакідала ўскраіну пасёлка, піша komkur. info.
Жыхары паскардзіліся ў райвыканкам, а чыноўнікі затэлефанавалі ў лясгас. На месца выехаў ляснічы Ілля Дудаль.
Па яго словах, гэта быў малады бабёр. Верагодна, звер шукаў новае месца для жыцця, таму і зайшоў на ўскраіну пасёлка. Выгнаць яго мясцовыя жыхары не здолелі. Бабры вельмі небяспечныя і могуць нанесці зубамі сур'ёзныя раны.
Ляснічы накрыў бабра дзіцячай ванначкай, потым прасунуў пад ніз ліст бляхі. У такой закрытай пастцы жывёлу пагрузілі ў машыну і перавезлі да бліжэйшай рэчкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.