Актывісты Майдану ўладкоўваюцца ў занятым імі Украінскім доме
У ноч на 26 студзеня пратэстоўцы занялі будынак комплексу на Еўрапейскай плошчы і выгналі адтуль праваахоўнікаў.
Група рэзерву міліцыянтаў знаходзілася ў будынку некалькі тыдняў. Пасля іх знаходжання ў памяшканнях Украінскага дому знайшлі шмат паламаных рэчаў і вялікі беспарадак. Да таго ж, супрацоўнікі Музею гісторыі Кіева, які размяшчаецца ў гэтым будынку, сцвярджаюць, што знікла частка яго фондаў. На іх думку, праваахоўнікі маглі спрычыніцца да гэтых крадзяжоў.
Цяпер актывісты Майдану наводзяць у будынку парадак. Тут будзе памяшканне для адпачынку і абагрэву, а таксама прэс-цэнтр, інфармуе УНІАН. Сябры самаабароны выстаўляюць ахову.