Akute "Reaĺnaść i sny"

Увесь мінулы год Akute упарта адмаўляліся казаць хоць нешта пра свой новы альбом. Аднак свежыя трэкі разам з каверамі на песні гурта Ulis, што ўжо выконваліся на канцэртах, і песня "Бегчы", на якую каманда зняла першы ў сваёй гісторыі кліп, давалі зразумець, што новая пласцінка абяцае быць як мінімум не менш цікавай за папярэднія.

Альбом атрымаў некалькі банальную назву "Рэальнасць і сны", а самі музыкі ў выніку назвалі яго ідэальным. Маўляў, "калі пачулі вынік, то зразумелі, што проста няма чаго дадаць, ні па гуку, ні канцэптуальна".

Пазней у інтэрв'ю Еўрарадыё Akute усё ж разгаварыліся. Сказалі, што цяпер яны перасталі выдумляць ровар, а "аддаліся ва ўладу свайго сапраўднага, унутранага панк-рока".

Загалоўная песня "Мы цалуем сонца" задае тэмп, пульс і настрой альбома. Яна з'яўляецца свайго роду квінтэсенцыяй таго, што адбудзецца ў наступных трэках: уласцівая Akute меладычнасць, яскравыя гарманічныя хады, “паветраныя” гітары Стаса Мытніка і качовая рытм-секцыя, насычаныя аранжыроўкі, арганічны і дакладны вакал і шчыльнае гучанне.

Новай пласцінкай Akute сапраўды дэманструюць сваю даросласць і спеласць, магчыма, нездарма яны кажуць пра яе, як пра "першы сапраўдны дыск" у сваёй дыскаграфіі.

Адразу ў вушы кідаецца новае гучанне гурта. З аднаго боку, яго робяць насычаныя гітарныя партыі. Музыкі кажуць, што пры працы над пласцінкай мелі досыць часу, каб услухацца ў першапачатковы варыянт трэкаў і давесці іх практычна да лоску.

З іншага боку, вялікую ролю ў свайго роду эвалюцыі Akute сыграў кіеўскі саўнд-прадзюсар Зміцер Іваней. Яго бачанне музыкі гурта цалкам супала з адчуваннямі самога калектыву і дало свету, па нашых адчуваннях, чыстых але некалькі жарсткаватых “Акутаў”.

“Песні вельмі хутка напісаліся, літаральна, месяцы за тры, — распавядае аўтар песень Akute Раман Жыгараў. — То бок, нічога не было, не было, не было, а потым, оп, і практычна ўвесь альбом адразу напісаўся. То бок, у плане натхнення, пласцінка вельмі хутка да нас прыйшла”.

Трэкі ў сваёй паслядоўнасці складаюцца ў адзін “пазл”. У выніку мы бачым гарманічную выбудаванасць праграмы, што інтрыгуе ад самага пачатку і трымае да фінальнага мі мажорнага акорду ў “Дзе будзеш ты?”.

А каверы на "Улісаўскія" "Марнатраўны сын" і "Як на долоні”, напрыклад, служаць свайго роду кропкамі перадыху ў танцавальнасці альбома. Рок-н-рольная спадчына “генералаў беларускага рока” раствараецца ў рэальнасці і снах сучасных музыкаў. Akute нібыта па паліцах раскладаюць сэнс кожнай фразы, некалі сказанай мэтрамі. Ва ўласных жа экстах Akute па-ранейшаму абстрактныя. Іх можна разумець па-рознаму. Ці не разумець увогуле. Але ўсё ж амаль немагчыма не сімпатызаваць той натуральнай энергетыцы, якая сыходзіць ад гурта.

У “Рэальнасці і снах” Akute зноў паказваюць узор сонграйтэрскага майстэрства. Тут ёсць,больш лёгкія творы кшталту “Сценаў” ды “Тваіх анёлаў”. Ёсць а-ля сінтэтычныя “Пасткі”. Пры гэтым пласцінка слухаецца на адным дыханні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі