Алег Дулуб: сыход з "Крумкачоў" — гэта не маё рашэнне

Алег Дулуб: сыход з "Крумкачоў" — гэта не маё рашэнне

Трэнер Алег Дулуб расказаў у эфіры YouTube-канала "ЧестнОК" пра сваё звальненне з футбольнага клуба "Крумкачы".

Па словах спецыяліста, рашэнне пра сыход з клуба прымаў не ён, а кіраўніцтва: "Гэта не маё рашэнне, гэта рашэнне, якое прыйшло зверху. Мяне паставілі перад фактам. Я быў супраць. Адразу кажу, я дзве гадзіны казаў: "Я супраць, я супраць". Таму што трэнер не можа гуляць да паразы. Каманда знаходзіцца практычна на першым месцы і проста яе пакінуць... Але рашэнне прынята".

Дулуба звольнілі напрыканцы чэрвеня, калі "Крумкачы" па пенальці прайгралі гродзенскаму "Нёману" і выбылі з розыгрышу Кубка Беларусі.

Па словах трэнера, ён спрабаваў пераканаць кіраўніцтва клуба, што каманда набірае абароты. "Мне таксама было незразумела, і мы размаўлялі з кіраўніцтвам. Як яны напісалі, "у нас узнікла асцярога, што каманда не зможа выканаць задачу". Я кажу: пачакайце. Вось лічбы, яны кажуць пра адваротнае, каманда набірае ход. І тое, як мы гулялі першы тур, мучыліся, і нават з "Арсеналам" прайграны матч — па ўсіх паказчыках гэта пераможны матч", — аргументуе ён сваю пазіцыю.

Сваё звальненне з "Крумкачоў" Дулуб параўноўвае з такім жа звальненнем з іншага футбольнага клуба — БАТЭ. Кажа, ўто сітуацыя супадае амаль да драбніцаў. "Я сказаў кіраўніку: такое адчуванне, што я зноў апынуўся ў БАТЭ. Я ўзяў заяву БАТЭ і заяву "Крумкачоў" – яны як пад капірку напісаныя", — кажа трэнер.

Сёння галоўным трэнерам НФК "Крумкачы" стаў Алег Кубараў. Раней ён займаў пасаду спартовага дырэктара клуба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі