Алексіевіч: Здрадзіць Курапатам, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае

Алексіевіч: Здрадзіць Курапатам, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю "Нашай ніве" пракаментавала сітуацыю з пратэстамі супраць будаўніцтва офіснага будынку каля Курапатаў. Другі тыдзень там знаходзяцца абаронцы, яны стварылі намётавае мястэчка і не збіраюцца сыходзіць, пакуль не з'явіцца пісьмовае рашэнне пра скасаванне працаў і не будзе зняты плот вакол пляцоўкі. У сераду на сустрэчы з актывістамі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорэц паабяцаў вывучыць сітуацыю.

Алексіевіч лічыць, што "здрадзіць Курапатам для нас, беларусаў, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае" і гэта "нельга дапусціць". Яна вельмі радая, што ў абароне ўдзельнічае шмат маладых людзей. "Мы знайшлі новае палітычнае пакаленне, нарэшце яно загаварыла... У іх іншыя метады супрацьстаяння, яны ўлічылі нашы памылкі", — кажа пісьменніца. Яна спадзяецца, што Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец будуць вызначаць будучыню Беларусі.

"Я ўяўляю пазіцыю ўлады, яна пабудаваная на кульце сілы, — працягвае Святлана Алексіевіч. — Саступіць народу ім зусім не хочацца, бо гэта будзе ўспрымацца як праява слабасці. Стала абсалютна відавочна, што ўлада і народ раз’яднаныя, гэта не адно і тое ж". Яна таксама мяркуе, што ўлада ўсё больш страчвае давер у беларусаў. Алексіевіч не выключае, што як і ў выпадку з "дэкрэтам аб дармаедах", "улады спрабуюць намацаць нейкія шляхі адыходу".

"Няправільна ставіць пытанне, ці атрымаецца ў "іх" адстаяць Курапаты, — гаворыць Святлана Алексіевіч. — Трэба казаць, ці атрымаецца ў "нас". Калі б такое было ў Варшаве, то ўся Варшава была б у Курапатах, калі б у Вільні — то ўся Вільня была б у Курапатах. Людзей, вядома, больш, чым раней, але гэта моладзь. Хацелася б, каб прачнулася грамадства. Гэта такая сфера, дзе сорамна маўчаць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі