Алкаголь і тытунь у Duty Free Літвы застанецца, але падаражэе
З 1 студзеня 2017 года ўступаюць ў сілу новыя літоўскія акцызныя правілы, якія закрануць працу крамаў Duty Free, размешчаных на памежных пераходах з Беларуссю.
"Для ўсіх дарожных крамаў Duty Free з 1 студзеня не застанецца актыўных ільгот на продаж алкаголю і тытуню. Гэта вызначаюць новыя акцызныя правілы Літвы. Я мяркую, што гандаль на дарожных пастах як быў, так і застанецца. Не будзе толькі ільгот для цыгарэтаў і алкаголю. Іх кошт наблізіцца да коштаў у звычайных крамах", — расказала Еўрарадыё кіраўнік Аддзела камунікацый мытнай службы Літвы Генрыка Рукшынене. Па словах чыноўніцы, гэтае рашэнне выклікана новай дырэктывай Еўрасаюза, якая агаворвае правілы бяспошліннага гандлю.
Ранейшы фармат крамы Duty Free захаваюць толькі ў аэрапортах, там алкаголь і цыгарэты можна будзе па-ранейшаму набыць з нізкай нацэнкай.