Аляксандр Гутар: "Я задаволены, што буду гуляць"

"Я задаволены тым, што буду гуляць. Больш ніякай інфармацыяй не валодаю, бо зараз на зборах", — кажа Еўрарадуе футбаліст.



Футбольны клуб БАТЭ пакуль не каментуе рашэнне суда, якое прыйшло на мінулым тыдні. Анатоль Капскі патлумачыў Еўрарадыё, што пакуль не будзе каментаваць рашэнне. Ён адзначыў, што там напісана не толькі пра грошы, але і пра прызнанне віны другога боку і што пераход быў нелегітымны.



Нагадаем, Аляксандр Гутар год таму ў аднабаковым парадку разарваў кантракт з барысаўчанамі і перайшоў у мінскае "Дынама".



Спартовы арбітражны суд у Лазане адмяніў рашэнне футбольнага арбітражнага суда Беларускай федэрацыі футбола па спрэчцы паміж ФК БАТЭ і Гутарам. Брамніка абавязваюць выплаціць барысаўскаму клубу 200 тысяч долараў і 5 адсоткаў гадавых, пачынаючы ад 14 студзеня 2013-га, а таксама кампенсаваць ФК БАТЭ 10 тысяч франкаў на юрыдычныя і іншыя выдаткі. Агулам 230 тысяч долараў.



Што да судовых выдаткаў, дык 75% іх мусіць заплаціць Гутар, 25% — ФК БАТЭ. Іншыя патрабаванні клуба судом у Лазане адхіленыя. У прыватнасці, БАТЭ хацеў атрымаць ад брамніка 500 тысяч долараў, а ад мінскага "Дынама" — 1,5 млн долараў. Таксама БАТЭ патрабаваў дыскваліфікаваць галкіпера.



Пры гэтым суд прызнаў, што Аляксандр Гутар у сезоне 2012 года правёў за БАТЭ менш за 10% гульняў (гэта была падстава для скасавання кантракту). Аднак адзначыў, што брамнік парушыў працэдуру падачы дакументаў на скасаванне кантракту ў аднабаковым парадку. Ён не ўклаўся ў 15-дзённы тэрмін пасля заканчэння чэмпіянату краіны, чаго патрабуе рэгламент, інфармуе "Прессбол".



Фота — minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі