Аляксандр Лукашэнка: Будзе вынік — будзе заробак
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у беларускім хакеі плаціць вялікія грошы толькі за канкрэтны вынік. У чацвер кіраўнік дзяржавы правёў нараду, прысвечаную беларускаму хакею. На ёй ён выслухаў аргументы старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Сямёна Шапіры, які, між іншым, прапанаваў пакуль пакінуць у мінскім “Дынама” чатырох легіянераў.
У сваёй прамове Лукашэнка крытычна выказаўся і пра беларускі чэмпіянат, і пра гульню зборнай, і пра мінскае “Дынама”, пра хакеістаў і трэнераў. Ён нагадаў, што на спорт выдаткоўваецца 18% ад усіх грошай, якія ідуць на фізкультуру і спорт з улікам сродкаў падтрымкі з усіх крыніц. А вынікі, якія дэманструюць хакеісты, толькі псуюць настрой мільёнам беларусаў. Некаторыя заўзятары нават пачалі пісаць лісты Аляксандру Лукашэнку.
“Не будзе ніякіх грошай, пакуль не дадзіце нармальны прадукт, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Будзе вынік — будзе заробак”. Ён нагадаў пра свае патрабаванні: калі клубы зарабляюць грошы самі, то могуць плаціць “колькі хочуць”, калі ж яны атрымліваюць з бюджэту “народныя грошы”, іх трэба “адпрацоўваць”.
Авансаванне за гульню павінна быць мінімальным, далейшыя выплаты мусяць быць толькі за вынік. “А то кожны на “Мерсэдэсе” ездзіць, а выніку няма, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Таму ўстанавіце нармальную зарплату за гульню, а за вынік дадайце. І трэба істотна прызавыя і іншае дадаваць за вынік на ўнутраным чэмпіянаце. Тады будуць гуляць тут”.