Аляксандра Герасіменя расказала, як адмовілася стаць дэпутаткай
Плыўчыха Аляксандра Герасіменя адмовілася ісці ў дэпутаты. Пра гэта спартоўка, якая на днях завяршыла кар'еру, прызналася ў інтэрв'ю газеце "Прессбол".
"Адмовілася. Па-першае, тады яшчэ думала працягваць кар'еру, плюс маленькая дачка, не да гэтага было", — патлумачыла Герасіменя.
Па яе словах, спартовая кар'ера і дачка былі не адзінымі фактарамі, якія паўплывалі на такое рашэнне: "Для такой працы трэба мець пэўны склад розуму. Умець ўзаемадзейнічаць з сістэмай".
Герасіменя прызналася, што ёй перашкаджае ў гэтай сферы бюракратызм і марнаванне часу: "Правілы павінны быць зразумелымі і вытлумачальнымі з пункту гледжання здаровага сэнсу. Мяне гняце бюракратызм, калі пытанне, якое можна вырашыць за пяць хвілін, патрабуе тыдзень хаджэнняў па кабінетах. Вельмі цаню свой час, і мне не падабаецца, што ён сыходзіць у нікуды".