Амбасада ЗША пракаментавала фільм з удзелам палітвязня Зянковіча
Амбасада ЗША ў Мінску
Дыпламаты ЗША адрэагавалі на прапагандысцкі фільм з удзелам палітвязня Юрыя Зянковіча, які выйшаў на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 19 верасня.
Зянковіч, асуджаны па "справе змоўшчыкаў", мае грамадзянства не толькі Беларусі, але і ЗША. У прапагандысцкім фільме ён заявіў, быццам змоўшчыкі рыхтавалі расстрэльныя спісы кіраўніцтва Беларусі, Астрашыцкі Гарадок (рэзідэнцыю Лукашэнкі) планавалася ўзяць у аблогу танкамі. Верталёт з Лукашэнкам нібыта меліся расстраляць з буйнакалібернага кулямёта, а яго малодшага сына ўзяць у закладнікі.
Зянковіч праз БТ папрасіў памілаванне ў Лукашэнкі. Таксама ён звярнуўся да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Дональда Трампа і Камалы Харыс з просьбай забраць яго ў Штаты, дзе ў яго засталася сям'я.
З заявай выступіў часовы павераны ў справах амбасады ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман. Ён рашуча асудзіў паказ грамадзяніна ЗША ў прапагандысцкіх мэтах. Дыпламат абверг заявы, якія прагучалі ў праграме, і назваў іх беспадстаўнымі.
Кіраўнік дыппрадстаўніцтва намякнуў на вядомыя ролікі, якія прадстаўнікі рэжыму здымаюць з затрыманымі беларусамі пад прымусам. "Гісторыя выкарыстання рэжымам тактыкі прымусу для вытворчасці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША", — адзначыў Каўфман.
Дыпламат запэўніў, што Дзярждэпартамент дбае пра бяспеку грамадзян ЗША за мяжой і працягне выступаць "за паляпшэнне становішча гэтага затрыманага амерыканца".
Ён нагадаў, што ўрад ЗША даўно рэкамендаваў сваім суграмадзянам не ездзіць у Беларусь, а тым, хто знаходзіцца ў краіне, — неадкладна пакінуць яе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.