Амерыканская чыноўніца заявіла, што ЗША маглі б пастаўляць паліва для БелАЭС
У Літве верагодна расчараваныя тым, што Злучаныя Штаты Амерыкі не будуць умешвацца ў праблему Беларускай атамнай станцыі. У Вільні з візітам знаходзіцца міністр энергетыкі ЗША Рык Перы. Ён і паведаміў літоўцам пазіцыю Вашынгтона. Як інфармуе BNS, Перы параіў уладам Літвы, калі яны маюць пытанні наконт будаўніцтва Беларускай АЭС, дамаўляцца з Беларуссю і Міжнародным агенцтвам па атамнай энергетыцы.
На прэс-канферэнцыі ў Рыка Перы спыталіся, ці пераканалі яго кіраўнікі Літвы, што АЭС у Беларусі будуецца без выканання ўсіх патрабаванняў бяспекі. Амерыканскі чыноўнік сказаў, што гэтае пытанне абмяркоўвалася, але ён сам асабіста на станцыі не быў і не паглыбляўся ў праблему: "Не ў нашых мэтах весці перамовы аб будаўніцтве атамнай станцыі ў Еўропе, і я б сапраўды пакінуў бы гэта лідарам краіны, і ў вядзенні перамоваў з беларусамі і МАГАТЭ".
Намесніца Перы Рыта Барануол таксама расчаравала літоўскі бок. Яна сказала, што Злучаныя Штаты заклікаюць Літву і Беларусь "працягнуць зносіны і захаваць празрыстасць". Таксама яна звярнула ўвагу на той факт, што рэактары, падобныя на той, які ўсталёўваецца на БелАЭС, "бяспечна працуюць у свеце". "У будучым паліва часткова маглі б пастаўляць і амерыканскія пастаўшчыкі паліва. Гэта ўжо робіцца на некаторых электрастанцыях у свеце", — заявіла Рыта Барануол.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў спадзяванне, што "ЗША актыўна ўступяць у дыялог з Беларуссю з мэтай забеспячэння бяспекі БелАЭС". У Вільні па-ранейшаму лічаць, што АЭС у Астравецкім раёне будуецца з парушэннямі стандартаў бяспекі і заклікаюць блакаваць імпарт электраэнергіі з гэтай станцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.