Амрыеў: Зараз для мяне пагрозы няма, кажу вам шчыра
Чачэнскі спартсмен Мурад Амрыеў, якога беларускія праваахоўнікі выдалі Расіі, адзказаў на пытанні журналістаў пасля свайго вызвалення. У ноч на 10 чэрвеня ён выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе.
Як піша meduza.io, Амрыеў цяпер са сваёй сям’ёй у Грозным і кажа, што з ім усё ў парадку. “З таго моманту, як мяне перадалі паліцыянтам, ніхто да мяне сілу не прымяняў і словам не пакрыўдзіў. Натуральна, уся гэтая сітуацыя была велізарным стрэсам для мяне. Яна парушала мае і спартовыя планы, і жыццёвыя, але ніякай пагрозы цяпер няма ні для мяне, ні для сям’і. Гэта я вам кажу шчыра, без нейкага ціску”, — сказаў Амрыеў у інтэрв’ю выданню.
У 2013 годзе чэмпіён свету па ММА збег з Чачні ва Украіну і заявіў, што яго катавалі ў паліцыі, але толькі ў 2017 годзе зноў апынуўся ў Расіі. Яго затрымалі па падазрэнні ў падробцы дакументаў, аднак Амрыеў збег у Беларусь, бо баяўся, што яго вернуць у Чачню. Ён казаў, што на радзіме яму пагражалі “крывавай помстай”. 8 чэрвеня Беларусь выдала Амрыева Расіі, а потым яго даставілі ў Чачню.
Цяпер спартсмен праходзіць па справе аб выкарыстанні падробных дакументаў — у пашпарце Амрыева ёсць абдрукоўка ў даце нараджэння. Ён ужо даў паказанні і праваахоўнікі паабяцалі, што цяпер будуць “паступова прыбіраць” яго з вышуку. Калі з яго здымуць падпіску, Амрыеў, магчыма, некуды паедзе.
Пра сітуацыю 2013 года, калі, па словах Амрыева, яго катавалі чачэнскія праваахоўнікі, ён пакуль размаўляць не хоча і абяцае журналістам распавесці пра яе пазней.