Аналітык: Узбраенне Украіны наўрад ці прымусіць Пуціна змяніць курс
Заходнія эксперты абмяркоўваюць, да чаго можа прывесці ўзбраенне ўкраінскай арміі амерыканскай зброяй.
Аналітык газеты Times Роджэр Бойс піша, што адзіны спосаб перашкодзіць Пуціну захапіць тое, чаго ён прагне на ўсходзе Украіны, — даць Кіеву процітанкавую зброю, беспілотнікі і самыя свежыя дадзеныя са спадарожнікаў аб сітуацыі ўздоўж мяжы.
“Цяпер прыйшоў час узброіць Украіну — з тым, каб яна магла супрацьстаяць расійскім нападам. І зрабіць гэта трэба цяпер, а не праз год”, — піша Бойс.
Аналітык параўноўвае цяперашнюю сітуацыю з падзеямі на Балканах у 1991 годзе, калі Мілошавіч падтрымліваў сепаратыстаў у надзеі стварыць Вялікую Сербію. Тады Захад наклаў эмбарга на пастаўкі зброі ўсім былым югаслаўскім рэспублікам. У выніку Бялград напаў на Боснію і Харватыю, якія былі не гатовыя супрацьстаяць.
“Таму цяпер неабходна, каб зброя была пастаўленая Украіне на двухбаковай аснове, спачатку ЗША, а затым і сябрамі NATO на ўсходзе Еўропы, якія дагэтуль маюць значныя запасы савецкай зброі. Прэзідэнт Абама мусіць гэта зрабіць, і ў самыя кароткія тэрміны”, — дадае Бойс.
А вось аналітык фонду Карнэгі Юджын Румер мае іншы пункт гледжання, піша Financial Times. Паводле яго словаў, памылкова лічыць, што добра ўзброеныя ўкраінскія войскі напалохаюць Пуціна і прымусяць сепаратыстаў сесці за стол перамоў. Замест таго каб дапамагчы краіне, якая знаходзіцца ў бядзе, пастаўкі зброі працягнуць агонію Украіны і адцягнуць яе ад жыццёва неабходных рэформаў.
“Гэта наўрад ці прымусіць прэзідэнта Пуціна змяніць свой курс, але наблізіць ЗША да магчымай прамой ваеннай канфрантацыі з Расіяй, — піша Румер. — Расіяне падтрымліваюць прэзідэнта Пуціна. Крэмль цяпер абвінавачвае заходнія санкцыі ў эканамічным крызісе, а потым будзе вінаваціць Захад у гібелі сваіх салдат. Няма ніякіх прыкметаў таго, што жыхары Расіі не павераць такой версіі падзеяў”.
Больш за тое, на думку Румера, няма ніякага сэнсу пасылаць зброю войскам, якія не навучаныя ёй карыстацца. Калі Амерыка накіруе інструктараў ва Украіну, будзе складана рабіць выгляд, што яна не ўдзельнічае ў гэтым канфлікце.
Румер: “Украіне неабходна цалкам рэфармаваць сваё войска, і ЗША павінныя аказаць ёй дапамогу. Але на гэта пойдуць гады, і гэта немагчыма рабіць падчас канфлікту з Расіяй”.
Нагадаем, што на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, што адбудзецца 9 лютага ў Вашынгтоне, канцлер Германіі Ангела Меркель будзе настойваць на далейшым пошуку дыпламатычнага вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны. Нават калі гэтыя пошукі беспаспяхова працягваюцца ўжо доўгі час, дыпламатычнае рашэнне па-ранейшаму застаецца галоўнай задачай, заявіла кіраўніца германскага ўрада пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам, перадае Deutsche Welle.
Меркель яшчэ раз пацвердзіла, што Берлін не мае намеру пастаўляць Украіне зброю. Адначасова яна заклікала зноў актывізаваць перамоўны працэс па рэалізацыі мінскіх пагадненняў.
Фота: defensenews.com