Андрэй Расолька: На месцы Дэйва Льюіса я б сышоў

Андрэй Расолька: На месцы Дэйва Льюіса я б сышоў

16 траўня зборная Беларусі па хакеі правяла свой апошні матч на чэмпіянаце свету ў Францыі. На развітанне нашы хакеісты бразнулі дзвярыма, выйграўшы ў нарвежцаў 4:3. Але прынцыпова гэта нічога не змяніла: беларусы застаюцца ў элітным дывізіёне, але на самым дне.

А перад чэмпіянатам, як заўжды, разлічвалі пазмагацца за медалі.

Гульню зборнай каментуе для Еўрарадыё Андрэй Расолька — хакейны трэнер, а ў мінулым — вядомы хакеіст, удзельнік Алімпійскіх гульняў 2002 года, на якіх зборная Беларусі заняла 4-е месца:

"Трынаццатае месца — не ўзровень нашай зборнай, гэта адназначна. У дзясятку мы мусім трапляць у любым выпадку. Пры тым, што мы маем каманду ў КХЛ. Латвійцы сёння змагаюцца за тое, каб трапіць у васьмёрку, вось над чым трэба задумацца. А ў нас умовы не нашмат горшыя, нават лепшыя. І з фінансавага, і са спартовага боку.

Памылкі няхай прааналізуе трэнерскі штаб, няхай агучыць, што ў іх не атрымалася. Але я б на яго [Дэйва Льюіса] месцы сышоў. Бо другі год каманда не прагрэсуе. Летась можна было спісаць на выпадак, але калі другі год запар — значыць, гэта сістэма, якая ідзе ў нікуды".

На чэмпіянаце свету зборная Беларусі прайграла пяць матчаў з сямі і засталася далёка за межамі плэй-оф. У адказ на пытанне пра прычыны няўдалага выступу Андрэй Расолька назваў нездавальняючую фізічную падрыхтоўку.

"Лічу, што фізічны стан зборнай быў не вельмі добры, — працягвае хакеіст. — Рух слабы, сілавую барацьбу прайгравалі. Праз гэта — шмат парушэнняў. Шайбы прапускалі ў меншасці... У выніку хлопцы сябе не цалкам рэалізавалі. Асабліва лідары. І браты Касціцыны, і Стась. І Лаланд згуляў не ў сваю сілу".

Таксама спецыяліст адзначыў адсутнасць у складзе Андрэя Сцяпанава, якога трэнер Дэйв Льюіс вызваліў са зборнай за лічаныя дні да старту чэмпіянату. "Сітуацыя са Сцяпанавым мне не зразумелая, — кажа Расолька. — Трэба, каб беларускія хакеісты ў зборнай выходзілі на вядучыя ролі. Сцяпанаў сярод бамбардзіраў "Дынама" [Мінск] займае недзе 5-6 месца, а з беларусаў дык ён увогуле першы. Калі не казаць пра Мацярухіна, якому далі беларускі пашпарт. Не ведаю, ці паўплываў бы ён на вынік, але што згуляў бы не горш за іншых — гэта адназначна".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі