Анісім і Канапацкая будуць дэпутатамі менш, чым планавалі?

Анісім і Канапацкая будуць дэпутатамі менш, чым планавалі?

Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары 2020 года практычна супадаюць па тэрмінах, што не вельмі добра. Таму адну з кампаній варта перанесці на больш ранні тэрмін, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Але ў чым праблема правесці выбары прэзідэнта і парламента адначасова?

Лідзія Ярмошына: “Першае ― у нас няма такой практыкі. Па-другое, некалі кіраўнік дзяржавы выказаў сваю пазіцыю на гэты конт: выбары кіраўніка краіны не павінны сумяшчацца ні з якімі іншымі выбарамі. Да ўсяго, у нас дастаткова вузкае кола палітыкаў, іх не так шмат. Усе яны бяруць удзел ў тым ці іншым выглядзе і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх выбарах ― калі не як кандыдаты, то як кіраўнікі выбарчых штабоў, давераныя асобы, агітатары. Сумяшчэнне дзвюх кампаній створыць для іх цяжкасці і можа радыкалізаваць выбарчую кампанію. Бо кандыдаты будуць аб’ядноўвацца пад сцягамі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, а не пад нейкія палітычныя платформы, звязаныя з задавальненнем інтарэсаў выбаршчыкаў”.

Каго лепш абіраць раней, дэпутатаў ці кіраўніка краіны, вырашаць будуць яны паміж сабой, кажа Ярмошына, і адмаўляецца даваць парады на гэты конт. Адно кажа, што, каб выбарчыя кампаніі сапраўды не накладаліся адна на другую, пераносіць адну з іх трэба як мінімум на паўгода. Адпаведна, замест жніўня 2020-га, калі мусяць прайсці прэзідэнцкія выбары, ці верасня ― час выбараў парламенцкіх, адна з кампаній будзе перанесеная на канец 2019-га альбо на пачатак 2020-га года.

Але як быць з тэрмінам паўнамоцтваў? Бо ў выпадку пераносу парламенцкай кампаніі дэпутаты свае 4 гады кадэнцыі не вычарпаюць. Гэта нармальна?

Лідзія Ярмошына: “Гэта ў любым выпадку ненармальна. З пункту гледжання логікі функцыянавання любога органа, усе павінны адпрацаваць вызначаныя тэрміны. Але гэта ў межах закона. Таму тут гаворкаа ідзе пра нармальнасць ці ненармальнасць, а пра тое, ці адпавядае гэта Канстытуцыі”.

Вось толькі скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў ці кіраўніка краіны не зусім адпавядае Канстытуцыі, сцвярджае эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер.

Сяргей Альфер: “Выбары можна праводзіць датэрмінова ― няма ніякіх праблем. А вось калі паўнамоцтва выбранага органа працягвалася менш, чым прапісана ў Канстытуцыі, то гэта парушэнне Канстытуцыі. Але ж у нас на Канстытуцыю ніхто не глядзіць, і ў нас парламент кожны раз абіраюць крыху раней. Толькі апошні набыў паўнамоцтвы пасля таго, як папярэдні выбраў свой тэрмін цалкам. І прэзідэнт абіраўся раней. Таму можна сказаць, што і тут праблем са своеасаблівым выкарыстаннем заканадаўства няма”.

Якія выбары для ўлады больш выгадна пераносіць на ранейшы час, цікавімся ў старшага аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова.

Дзяніс Мельянцоў: “Прэзідэнцкія выбары не вельмі мэтазгодна пераносіць на ранейшы тэрмін. Бо гэта троху змяншае час знаходжання прэзідэнта ва ўладзе. Ды, і навошта гэта рабіць? Таму, паводле логікі, прэзідэнцкія выбары лепш правесці пазней, чым парламенцкія”.

І дадае, што хоць Ярмошына і кажа, што вырашаць, якія выбары пераносіць, будуць праз дасягненне кансэнсусу кіраўніка краіны і парламента, але на самой справе, упэўнены эксперт, пытацца ў дэпутатаў, ці хочуць яны дасядзець свой тэрмін, ніхто не будзе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі