Анісім папракнула ЕС нізкай цікавасцю да Беларусі і высокімі коштамі на “шэнген”

Анісім папракнула ЕС нізкай цікавасцю да Беларусі і высокімі коштамі на “шэнген”

Яшчэ з часоў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Беларусь знаходзіцца “не ў прыярытэце” ў еўрапейскіх краін. Сёння вынік такога стаўлення да Беларусі бачны па коштах на шэнгенскія візы для беларусаў. З такімі словамі да дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы звярнулася 25 красавіка старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

“І сто гадоў таму, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, Беларусь была не ў прыярытэце ў еўрапейскіх краін. Нягледзячы на ўсе высілкі нашай тагачаснай эліты, воля беларускага народу жыць у незалежнай краіне, БНР не была да канца прызнаная еўрапейскімі краінамі. У адрозненне ад нашых суседзяў ― Літвы, Латвіі, Польшчы. У выніку розных перадзелаў у міжваенны і пасляваенны перыяд беларусы згубілі значную частку сваіх этнічных тэрыторый, якія цяпер знаходзяцца ў складзе розных еўрапейскіх краін і дзе пражывае вялікая колькасць беларусаў.

Сёння мы канстатуем: напэўна, гэта вынік непрыярытэтнага значэння Беларусі для Еўропы, што толькі для беларускіх грамадзян існуе высокі кошт на візы, які можа стаць яшчэ большым. А між тым, Беларусь і беларусы маюць працяглае культурнае ўзаемадзеянне з Еўропай”, ― заявіла ў Страсбургу Алена Анісім.

Беларусь не павінна выпадаць з поля зроку Еўрасаюза, упэўненая Алена Анісім. І заклікала калег да таго, каб “візавае пытанне стала аб’етам увагі Савета Еўропы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі