Аператыўнікі расказалі дэталі справы аб дамоўных матчах у Беларусі
На тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, прысвечаны гучнай справе аб дамоўных матчах у беларускім футболе і ў валейболе. Расследаванне было скончана ў канцы 2019-га, справу ўжо перадалі ў суд. У ёй амаль тры дзясяткі эпізодаў "супрацьпраўнай дзейнасці". У згаданым сюжэце сілавікі распавялі некаторыя дэталі. Высвятляецца, што сума подкупа спартсмена складала каля 1 тысячы долараў за матч. Звычайна арганізатары выходзілі на вопытнага футбаліста каманды, якая мела фінансавыя цяжкасці, дамаўляліся з ім, а ўжо ён "падключаў" да здачы паядынка маладзейшых гульцоў.
У справе ёсць прыклады, калі ў забеспячэнні патрэбнага выніку былі задзейнічаны да 10 футбалістаў у адной гульні. "Гэтым беларускія футбалісты вылучыліся нават на сусветным узроўні", — адзначаецца ў сюжэце тэлеканала АНТ.
Ёсць і ўвогуле анекдатычны выпадак. Адзін з футбалістаў узяў грошы, каб забяспечыць вынік, але сам не трапіў у заяўку на матч. Тым не менш, ён вырашыў грошы не вяртаць. Гульню глядзеў у бары і вельмі абрадаваўся, калі і без яго ўдзелу быў зафіксаваны патрэбны вынік. Але па справе ён усё роўна праходзіць, артыкул — "замах на злачынства, не даведзенае да канца".
Пра затрыманні ў Мінску і Магілёве арганізатараў "дамоўных матчаў" у МУС Беларусі паведамілі ў студзені мінулага года. Гэта былыя прафесійныя спартсмены, якія атрымлівалі незаконны прыбытак з букмекерскіх кантор у замежжы. Дамоўныя матчы адбыліся ў чэмпіянаце і кубку Беларусі ў 2017-2018 гадах, у іх былі заўважаныя клубы вышэйшай, першай і другой ліг. Па справе праходзяць больш за 20 падазраваных.
Беларускай федэрацыя футбола ўжо адрэагавала: двух чалавек — Валерыя Бяляўскага і Аляксея Сучкова — пажыццёва адхілілі ад беларускага футболу. Былі пакараныя і іншыя футбалісты.
Папярэдні раз пра выкрыццё у нашай краіне схемы дамоўных матчаў стала вядома ў ліпені 2016 года. У кастрычніку 2017-га былі асуджаныя 15 чалавек. Яны атрымалі альбо абмежаванне волі, альбо штрафы. Беларуская федэрацыя футбола іх пажыццёва дыскваліфікавала. Адзначаецца, што тая справа да новай не мае ніякага дачынення. Цяперашнія зламыснікі разбудоўвалі схему з нуля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.