Аршанскі хлебазавод аднавіў працу пасля пажару
Аршанскі хлебазавод
Аршанскі хлебазавод пасля пажару на хлебабулачным участку аднавіў працу і працуе ў штатным рэжыме, паведамляе "Аршанская газета".
"Мы працуем у штатным рэжыме, перабояў з пастаўкамі хлебабулачных вырабаў няма, магутнасцяў для выпуску поўнага аб'ёму прадукцыі хапае", — кажа дырэктар прадпрыемства Віктар Мішульскі.
Па яго словах, прадукцыяй аршанскага хлебазавода забяспечаны не толькі Аршанскі раён, але і суседнія — Дубровенскі, Талачынскі і Сенненскі. На раніцу 18 студзеня было адгружана больш за 15 тон хлебабулачных вырабаў.
Як распавядала Еўрарадыё, пажар на прадпрыемстве адбыўся 17 студзеня. Агонь пашкодзіў электраправодку і сістэму вентыляцыі, дзве хлебабулачныя печы, 200 кг гатовай прадукцыі і тры тоны цеста. Пры здарэнні пацярпеў адзін з работнікаў, яго шпіталізавалі з апёкамі 20% цела.
Зранку 18 студзеня паведамлялася, што пасля пажару на хлебазаводзе ў Оршу хлеб прывозяць з іншых гарадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.