Арт-Сядзіба: Камусьці зверху не спадабалася наша дзейнасць

120625 BelavusS.mp3

Еўрарадыё: Што ж такога зрабілі арганізатары Арт-Сядзібы, што яе высяляюць?


Павал Белавус: У чым праблема, мы самыя да канца не ведаем. Сёння мяне паклікалі да ўладальніка памяшкання. Там сказалі, што да 23-га ліпеня мы павінны вызваліць памяшканне і што нашая дамова, якая павінна была дзейнічаць да канца кастрычніка, зараз скасоўваецца. Прычына, што мы парушаем пажарную бяспеку, шмат іншых розных бяспек, і што гэтае памяшканне раптам стала непрыдатным да тых мерапрыемстваў, якія мы штотыднёва праводзілі.


Еўрарадыё: Напісана, што наведнікі ўстановы шмат палілі. Ці праўда гэта?


Павал Белавус: У апошні час мы праводзілі жорсткі кантроль, каб гэтага не адбывалася. Віселі адмысловыя папярэджвальныя паперы. Але вакол нас знаходзіцца шмат іншых кантор, якія займаюцца рознай камерцыйнай дзейнасцю, і час ад часу працаўнікі гэтых кантор паляць каля нас, а на нас потым усё звальваюць. І заўсёды, калі нешта кепскае адбывалася, заўсёды мы былі вінаватыя, хоць мы наадварот увесь час стараліся надаць крыху парадку гэтаму дзіўнаму памяшканню. Я бачу іншыя прычыны высялення нас.


Еўрарадыё: Якія?


Павал Белавус: Хто ў нас у краіне любіць актыўных людзей, якія шматбакова сябе праяўляюць?.. Мы адразу заявілі, што мы адкрытая культурная пляцоўка, у палітыку не лезлі і хацелі пашыраць і паказваць культурную разгалінаванасць і рознабаковасць беларускай моладзі. Вядома, што калі ты нешта робіш актыўна і гэта адбываецца па-за кантролем – мы самі вырашалі, хто да нас прыходзіць, хто грае, спявае, чытае верш – гэта камусьці недзе вышэй не спадабалася.


Еўрарадыё: А што вы цяпер будзеце рабіць?


Павал Белавус: Мы кінулі кліч у сацыяльных сетках, каб людзі, якія бывалі ў нас, пісалі лісты на адрас кіраўніцтва з тлумачэннем, чаму не трэба нас зачыняць, чаму мы карысныя.  Спадзяемся, што нехта на нашую прапанову адгукнецца. У нас ёсць яшчэ час да 23-га ліпеня: тое, што мы планавалі правесці – мы правядзем, а потым пашукаем нешта іншае. Можа якія прыватныя бізнэсоўцы, якія маюць нейкае памяшканне, каб здаць, або іншыя структуры, або мы і самыя будзем шукаць – паглядзім. Мы не трацім надзеі – у нас ёсць свая ўстанова, сваё кола сяброў, свой багаты досвед.


Еўрарадыё: А якімі мерапрыемствамі вы больш за ўсё ганарыцеся?


Павал Белавус: Мы ўпершыню запрасілі Паліну Рэспубліку, пасля чаго яна загучала больш яскрава. У нас быў цэлы шэраг дабрачынных акцый, дзе збіраліся грошы для хворых дзетак, дзе выступалі сур’ёзныя музыкі, як Вайцюшкевіч, як гурт “Рэха”, “Босае сонца”... Прэзентаваў у нас свае карціны Алесь Марачкін, было шмат маладых гуртоў, бардаў і з Расіі, і з Украіны, былі цікавыя маладыя літаратары, мінскія і ўкраінскія. Апошняя імпрэза – 10 год “Бібліятэкі Свабоды”, калі Лявон Вольскі спяваў цалкам бясплатна свае вядомыя песні. Кінапрагляды ў нас былі, стрыт-арт’авыя выставы. Мы зрабілі свой унёсак, стварылі прэцэдэнт – можа нехта падхопіць, дый мы ў новым выглядзе будзем гэта рэалізоўваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі