Астанкі салдата з Беларусі, знойдзеныя ў Манголіі, пахаваюць ва Улан-Батары
Знойдзены дакумент
Астанкі салдата з Беларусі, знойдзеныя ў Манголіі, пахаваюць ва Улан-Батары ў брацкай магіле. Яго дакументы і рэчы перададуць у Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей, паведамляе gorkiv.by.
Пра тое, што міжнародная пошукавая экспедыцыя, у складзе якой былі і беларусы, знайшла на месцы баёў у 1939 годзе на рацэ Халхін-Гол савецка-мангольскіх войскаў з японскай арміяй астанкі 27 салдат, стала вядома вясной. Расійскія пошукавікі паведамілі, што адным з іх аказаўся "беларус яўрэйскай нацыянальнасці Чарнамордзік... Мордухавіч з Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Беларускай ССР". Пры ім знайшлі зброю, асабістыя рэчы і дакументы (некаторыя — беларускамоўныя) і нават ледзь бачны фотаздымак.
Удалося высветліць, што Пётр Мордухавіч Чарнамордзік нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Рудкоўшчына Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1938-м ён быў прызваны Горацкім раённым ваенкаматам у Чырвоную Армію. Загінуў у баі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.