Атрымаць крэдыт стане прасцей, але складаней: грошай у банкаў няма

Банкі ўсё яшчэ вымушаныя працаваць ва ўмовах абмежаванай ліквіднасці / Reuters
Банкі ўсё яшчэ вымушаныя працаваць ва ўмовах абмежаванай ліквіднасці / Reuters

Банкі прагназуюць змякчэнне умоў крэдытавання ва ўсіх валютах у першым паўгоддзі 2021 года. Такая тэндэнцыя з'явілася яшчэ ў чацвёртым квартале мінулага года, гаворыцца ў Маніторынгу ўмоў банкаўскага крэдытавання Нацыянальнага банка.

Што гэта значыць? Дакладна не тое, што крэдыты стануць таннейшыя.

 

Ежа на вэксаль

Працэнты па новых крэдытных прапановах кусаюцца. Напрыклад, Беларусбанк аднавіў іпатэчнае крэдытаванне жылля, згорнутае яшчэ вясной 2020 года. Стаўка — 21% гадавых.

Таксама Беларусбанк зноў пачаў выдаваць крэдыты на спажывецкія патрэбы — пад 24–25% гадавых. На некаторыя тавары партнёраў банка можна ўзяць крэдыты пад 11,25% гадавых і пад 4–11%.

Нават ежу ў Беларусі цяпер можна купіць у крэдыт. Гэта прапанова ад "Е-дастаўкі". Але ці гатовыя вы плаціць за такі крэдыт 22–24% гадавых?

ОК, але, можа быць, атрымаць крэдыт стане прасцей? Так. Але...

 

Толькі слабы адскок

Мінулай вясной беларускія банкі пачалі абмяжоўваць выдачу крэдытаў праз пандэмію. Увосень яны практычна спынілі крэдытаванне і зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы крэдытаў. Гэта было звязана з адтокам дэпазітаў і тым, што Нацбанк перастаў выдаваць банкам ліквіднасць.

На думку старшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, цяперашнія аптымістычныя чаканні банкаў па змякчэнні ўмоў крэдытавання варта інтэрпрэтаваць толькі як слабы адскок.

— Сітуацыя не вернецца да таго, што было ў пачатку 2020 года. Будзе слабенькае змякчэнне ўмоў у параўнанні з другім паўгоддзем. Магчыма, ва ўсіх цяпер чаканні, што ўрад будзе падштурхоўваць Нацбанк да больш мяккай палітыкі для таго, каб падтрымліваць прадпрыемствы. Гэта выявіцца на крэдытна-дэпазітным рынку.

 

Попыт на крэдыты расце, але даюць іх не ўсім

Тым часам банкі адзначаюць павышэнне попыту на запазычанні ў беларускіх рублях. Больш за ўсё ён павялічыўся ў буйнога бізнесу.

"У I квартале 2021 года і II квартале 2021 года ўдзельнікі абследавання [банкі. — Еўрарадыё] прагназуюць працяг павышэння попыту для ўсіх катэгорый крэдытаатрымальнікаў, за выключэннем фізічных асоб на фінансаванне нерухомасці, попыт для якіх у I квартале не зменіцца", — гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага банка.

Попыт на крэдыты ў замежнай валюце ў канцы мінулага года таксама рос, прычым ва ўсіх прадстаўнікоў бізнесу. Паводле прагнозаў банкіраў, ён працягне расці, асабліва ў другім квартале.

Получить кредит станет проще, но сложнее: денег у банков нет
Больш за іншых крэдытамі цікавяцца буйныя дзяржпрадпрыемствы / Еўрарадыё

Але Дзмітрый Крук падкрэслівае, што з сярэдзіны мінулага года праз пандэмію попыт буйных дзяржпрадпрыемстваў на грошы вырас і не задавальняецца. У банкаў ёсць сумневы ў іх плацежаздольнасці.

— Самі банкі абмежаваныя ў ліквіднасці, таму не так актыўна іх крэдытуюць. У чацвёртым квартале з падачы органаў улады гэта адбывалася больш інтэнсіўна, але не радыкальна.

А крэдытаванне па фізічных асобах замерла. Было 15,5 мільярда рублёў на пачатак чацвёртага квартала і практычна ідэнтычныя лічбы на пачатак лютага. Рознічны рынак шмат у чым таксама замёр. Гэта якраз вынік абмежавання ліквіднасці і таго, што наяўную ліквіднасць банкі прымушаюць накіроўваць на крэдытаванне рэальнага сектара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі