Аўчарку Байдэна выселілі з Белага дома
Аўчарка Джо Байдэна
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і яго жонка Джыл пагадзіліся прыбраць з Белага дома сваю нямецкую аўчарку на мянушку Камандэр. Сабака праяўляў агрэсію ў адносінах да ахоўнікаў. Сабака ўжо пакінуў тэрыторыю Белага дома, паведамляе тэлеканал Fox News.
Камандэру два гады. Ён з'явіўся ў рэзідэнцыі амерыканскага прэзідэнта ў снежні 2021 года. І за гэты час не менш за 11 разоў нападаў на супрацоўнікаў Сакрэтнай службы ЗША. Прэс-сакратарка Джыл Байдэн Элізабэт Александэр заявіла, што "прэзідэнту і першай лэдзі глыбока неабыякавая бяспека тых, хто працуе ў Белым доме". Таму і было прынята рашэнне адсяліць сабаку. Куды яго павезлі, прадстаўніца першай лэдзі не ўдакладніла.
Характэрна, што гэта ўжо другі сабака пары Байдэнаў, які пакідае Белы дом. Прычым з той жа прычыны. У канцы 2021 года прэзідэнт ЗША вымушаны быў аддаць сябрам у штат Дэлавэр нямецкую аўчарку на мянушку Мэйджар. Яна таксама нападала на супрацоўнікаў Белага дома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.