Аўстрыйцы просяць Лукашэнку не адстрэльваць бяздомных жывёлаў перад Еўрагульнямі
Аляксандра Лукашэнку просяць, каб у Беларусі напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў не адстрэльвалі бяздомных жывёлаў, піша TUT.by. Адпаведны зварот да кіраўніка нашай дзяржавы накіравала Мадлен Пятровіч, дырэктарка найбуйнейшага аўстрыйскага прытулку для жывёл Wiener Tierschutzverein, экс-старшыня партыі "Зялёных" Аўстрыі.
Напрыканцы лістапада 2018 года ліст да беларускага кіраўніка даслала французская актрыса і зоаабаронца Брыжыт Бардо. Яна прасіла абараніць бяздомных жывёлаў.
У лісце ад аўстрыйскіх зоаабаронцаў тлумачыцца, чаму не варта адстрэльваць бяздомных жывёлаў:
"Апошнім часам у нашу арганізацыю часта паведамляюць аб асцярогах, звязаных з тым, што ў рамках падрыхтоўкі да Еўрапейскіх спартыўных гульняў з траўня па чэрвень плануецца масавы адстрэл вулічных жывёл у Беларусі.
Мы можам Вам гарантаваць, што бяспека насельніцтва для нашага прытулку таксама стаіць на першым месцы. Менавіта таму правільнае абыходжанне з бяздомнымі жывёламі — вельмі важная задача для нас.
Безумоўна, зразумела, што любы горад перад міжнародным мерапрыемствам хоча сябе паказаць у лепшым святле. І непажадана, верагодна, каб бяздомныя жывёлы псавалі вобраз горада.
Аднак з пункту гледжання зоаабароны вышэйзгаданы метад у любым выпадку абсалютна непрымальны. У тым ліку і па чыста эканамічных і матэматычных прычынах. Нават калі забойства жывёл вырашае імгненныя праблемы, яно неэфектыўна ў доўгатэрміновай перспектыве.
Забойства жывёл для памяншэння іх колькасці на вуліцах не працуе, і гэта навукова даказана. З пункту гледжання біялогіі такія жорсткія забойствы жывёл прыводзяць да адваротнага выніку: павелічэнню колькасці папуляцыі. Калі папуляцыя жывёл жыве ў адной вобласці і частка яе знікае, то жывёлы з іншых частак перамяшчаюцца ва ўтвораную "біялагічную дзірку".
Аўстрыйскія зоаабаронцы прапаноўваюць пачаць стэрылізацыю бяздомных сабак і катоў па ўсёй краіне. Таксама яны лічаць неабходнай асветніцкую працу сярод насельніцтва.