Банк развіцця зноў не змог расплаціцца з трымальнікамі беларускіх еўрабондаў
Зрабіць выплаты не атрымліваецца праз санкцыі, ілюстрацыйнае фота
Трымальнікі беларускіх еўрааблігацый зноў не змаглі атрымаць належных выплатаў. Чарговая дата пагашэння па еўрааблігацыях ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" на суму паўмільярда долараў ЗША наступіла 2 траўня. У гэтай сувязі Банк развіцця звярнуўся да ўладальнікаў еўрабондаў і нагадаў, што не можа перавесці грошы праз санкцыі.
Праз "недружалюбныя дзеянні шэрагу замежных дзяржаваў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь і Банка развіцця (якія пацягнулі за сабой, сярод іншага, закрыццё карэспандэнцкіх рахункаў у доларах ЗША і адключэнне ад сістэмы SWIFT), у Банка развіцця адсутнічае тэхнічная магчымасць накіраваць сумы асноўнага доўгу і назапашанага працэнтнага даходу з датамі выплаты 02.05.2023, 02.11.2023, 02.05.2024 на карысць плацежнага агента (Citibank, N. A., London Branch)", гаворыцца ў паведамленні банка.
У банку таксама паведамілі, што пакуль рэзервуюць на адпаведных рахунках сумы асноўнага доўгу і назапашаныя працэнты. Гаворка пра выплаты за апошнія паўтара года (02.05.2023, 02.11.2023 і 02.05.2024). Мяркуецца, што ў перспектыве ўладальнікі беларускіх еўрабондаў змогуць забраць свае грошы. Гэта адбудзецца альбо калі адменяць санкцыі, альбо "пасля зацверджання адпаведнага нарматыўнага прававога акта (праект праходзіць унутрыдзяржаўнае ўзгадненне)".
Нагадаем: раней расійскія трымальнікі беларускіх еўрааблігацый, які засталіся без належных выплатаў, прасілі ўлады сваёй краіны абмежаваць крэдытаванне Беларусі, а таксама пагражалі звярнуцца ў міжнародны трацейскі суд у Лондане, калі Мінск не пагасіць абавязацельствы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.