Расійскія інвестары пагражаюць падаць на Беларусь у міжнародны трацейскі суд

Лондан

Лондан / pixabay.com

Расійскія інвестары, якія ў свой час купілі беларускія дзяржаўныя аблігацыі, патрабуюць належных выплат. На гэты раз яны накіравала Мінску апавяшчэнне аб дэфолце, паведамляе РБК. Калі Беларусь не пагасіць абавязацельствы, яны гатовы пачаць разбіральніцтва ў міжнародным трацейскім судзе ў Лондане.

Апавяшчэнне аб дэфолце па пяці выпусках беларускіх еўрааблігацый падпісалі восем фізічных асоб і пяць кампаній. Ліст адрасаваны міністру фінансаў Беларусі Юрыю Селіверставу.

"Дэфолт Рэспублікі Беларусь па ўказаных вышэй еўрааблігацыях стаў вынікам невыканання Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязацельстваў па пагашэнні названых вышэй еўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх", — канстатуюць інвестары ў апавяшчэнні. Яны таксама зазначаюць, што прапанаваны Мінскам новы механізм выплат "з'яўляецца дыскрымінацыйным" і парушае інтарэсы трымальнікаў, якія набылі паперы пасля 6 верасня 2022 года.

Прадстаўнік інвестараў расказаў выданню, што, калі Беларусь пасля паведамлення не пагасіць свае абавязацельствы, інвестары атрымаюць права падаць іск у Лонданскі міжнародны трацейскі суд або арбітражны суд у Расіі. Па ягоных словах, такія варыянты ўжо разглядаюцца разам з юрыстамі.

Нагадаем, з-за санкцыяў Мінск прыпыніў валютныя выплаты па гэтых бондах у 2022 годзе. У канцы 2023-га пачаліся выплаты па новым механізме, але грошы атрымліваюць толькі ўладальнікі выпуску аблігацый Belarus 2023 і толькі тыя, хто набыў паперы да 6 верасня 2022 года. А ўсяго на руках у расіян еўрааблігацыі пяці выпускаў Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031 на суму $178 млн. Сукупная ж сума пяці выпускаў, аб якіх ідзе размова, складае каля $3,25 млрд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі