Барэль заявіў пра неабходнасць сучасных еўрапейскіх узброеных сіл
"Еўрасаюз павінен узяць на сябе больш адказнасці за сваю ўласную бяспеку", — мяркуе кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Гэта неабходна, паколькі расійская агрэсія супраць Украіны "стала трывожным сігналам для бяспекі і абароны ЕС". Барэль лічыць, што наяўныя абаронныя магчымасці "не адпавядаюць тым, якія... патрэбныя для процідзеяння пагрозам". Ён заявіў пра неабходнасць у "сучасных еўрапейскіх узброеных сілах".
Жазэп Барэль нагадаў пра разнастайную падтрымку, якую ЕС аказаў і працягвае аказваць Украіне. Сярод недахопаў ён назваў змяншэнне ваенных запасаў, на што паўплывалі ранейшыя скарачэнні бюджэтаў і недастатковыя інвестыцыі. За два апошнія дзесяцігоддзі выдаткі на абарону ў Расіі павялічыліся на 292%, у ЗША — на 66%, у ЕС толькі на 20%.
Вясной 2022-га была зацверджана першая ў гісторыі абаронная канцэпцыя Еўрасаюза. Яна прадугледжвае стварэнне еўрапейскіх Сіл хуткага рэагавання — да 5 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.