Барыс Гарэцкі на волі: адабралі аргтэхніку, пра прававы статус не паведамілі

Журналіст Барыс Гарэцкі / фэйсбук​
Журналіст Барыс Гарэцкі / фэйсбук​

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў на волі. Раніцай 16 лютага да яго прыйшлі дадому з ператрусам, пасля ператрусу Барыса не затрымалі.

— А 7:30 пачалі званіць у дзверы і дамафон, праз дзесяць хвілін з'явілася група з пілой-"балгаркай" і молатам для выбівання дзвярэй. Я адчыніў дзверы сам. Са словамі "рукі за спіну" забеглі сілавікі і правялі ператрус. Прычына — пастанова Следчага камітэта па 342-м артыкуле [арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. — Еўрарадыё].

— Мы не выключалі, што некалі могуць пачаць ціск на БАЖ, таму была толькі мінімальная колькасць аргтэхнікі, з якой мы працуем, — працягвае Барыс. — Забралі тэлефоны, камп'ютары. Таксама забралі дробныя сямейныя грошы. Пры чым тут грошы, не растлумачылі. Яны забіралі тое, што іх цікавіла. Мне беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў падпісаў свае кнігі нядаўна, і іх абсалютна ўсё забралі. Статус цяпер ніякі. Сказалі, што мяне выклічуць.

З чым жа могуць быць звязаныя ператрусы?

— БАЖ — зарэгістраваная арганізацыя, працуем абсалютна ў рамках прававога поля. БАЖ ніякай тэрарыстычнай і іншай дзейнасці не падтрымліваў ніколі. У нас ёсць статут, зарэгістраваны ў Мінюсце, мы працуем строга ў рамках статута. Наша дзейнасць уся публічная.

Раніца 16 лютага пачалася для журналістаў і актывістаў праваабарончых арганізацый з ператрусаў. Афіцыйны каментар ад СК такі: "У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставін фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі