У Беларусі свабода слова на ўзроўні Кубы, а ў Іране і Сірыі яе больш
Беларусь зноў трапіла ў дзясятку краін з найгоршай сітуацыяй па свабодзе слова. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы арганізацыі Freedom House за 2016 год.
Беларусь займае 192 месца са 199. Наш індэкс сёлета складае 91 (0 — гэта максімальная свабода, 100 — самыя несвабодныя краіны). За прававое асяроддзе мы атрымалі 29 балаў, за палітычнае — 34 балы, за эканамічнае — 28.
Нягледзячы на тое, што ўзровень свабоды слова ў свеце апусціўся да найніжэйшага за апошнія 12 гадоў, сітуацыя ў Беларусі крыху палепшылася. Летась мы былі на 194 месцы з індэксам 93. Сёння больш свабодным (на 2 балы) у краіне стала палітычнае асяроддзе.
Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца, такое нязначнае павышэнне індэкса амаль не адбіваецца на нашым месцы ў свеце:
“Гэтая сітуацыя звязаная і з вызваленнем палітвязняў і з тым, што пачаўся дыялог з Еўрасаюзам, у тым ліку і па правах чалавека. А ўсе астатнія індыкатары фактычна засталіся на ранейшым узроўні, што таксама зразумела”.
Сёлета індэкс свабоды слова стаў як у 2009 годзе. Старшыня БАЖ кажа, што сітуацыя сапраўды нагадвае тыя часы, тады таксама ўзнаўляўся дыялог з ЕС. Моцнае паніжэнне нашага рэйтынгу было ў 2005-2006 годзе, калі былі выкінутыя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду большасць незалежных выданняў.
“У 2009 годзе “Народную Волю” і “Нашу Ніву” акурат у гэтую сістэму распаўсюду вярнулі. І вось у 2010-2012 гадах мы зноў на некалькі прыступак апусціліся, гэта пакуль быў найніжэйшы пункт узроўню свабоды СМІ ў нашай краіне. Мы не маглі з гэтай сітуацыі выйсці пасля тых прэзідэнцкіх выбараў”, — згадвае Бастунец.
Цікава, што і тады, і цяпер (у 2008 і ў 2015) прымаліся новыя змены ў закон аб СМІ.
Паводле справаздачы Freedom House 2016 года, горш за нас сітуацыя са свабодай слова толькі ў Паўночнай Карэі (індэкс 97), Туркменістане (96), Узбекістане (95), Крыме (94), Эрытрэі (94), на Кубе (91). Такія краіны, як Іран (90) і Сірыя (90) маюць нават больш высокі ўзровень свабоды слова.
Найлепшую сітуацыю са свабодай слова аналітыкі арганізацыі зафіксавалі ў Нарвегіі (індэкс 9), Бельгіі (11), Фінляндыі (11), Нідэрландах (11), Швецыі (11), Даніі (12), Андоры (13), Люксембургу (13), Швейцарыі (13), Ліхтэнштэйне (14).
Паводле справаздачы цяпер толькі 13% насельніцтва планеты жыве ў “свабодных краінах”, а 46% — у “несвабодных”. Сярод краін, узровень якіх найбольш панізіўся за апошні год, — Бангладэш, Турцыя, Бурундзі, Францыя, Сербія, Емен, Егіпет, Македонія і Зімбабвэ. Найбольш значна палепшылася сітуацыя ў Буркіна-Фасо і на Шры-Ланцы.
Сярод нашых суседзяў найвышэйшую пазіцыю па свабодзе слова займае Літва — 33 месца, Латвія і Польшча дзеляць 51 месца, Расія — 176 месца, Украіна — 112.