Журналіста Алеся Кіркевіча завочна асудзілі на 7 гадоў калоніі
Алесь Кіркевіч
Гродзенскі абласны суд 2 жніўня завочна асудзіў журналіста і былога палітвязня Алеся Кіркевіча. Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", яму прызначылі сем гадоў калоніі, штраф 24 000 рублёў і арышт на маёмасць. Гэта максімальна магчымае пакаранне, якое маглі прысудзіць Кіркевічу.
Журналіста абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч. З прысуду стала вядома, што падставай для суда над Кіркевічам сталі інтэрв'ю, дадзеныя ім "Радыё Свабода" і "Белсату".
Маёмасць журналіста арыштавалі яшчэ 22 лістапада 2023 года. Яе будуць прадаваць для пагашэння штрафу. Гэта 1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча на будынак аднакватэрнага жылога дома вёсцы Бычкі Ушацкага раёна — на радзіме Васіля Быкава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.