Байца-каліноўца прымусілі суткі хадзіць з дзіцячым пісталетам замест баявога
Полк імя Кастуся Каліноўскага пацвердзіў, што ў яго "вучэбцы" аднаго добраахвотніка прымусілі суткі хадзіць з дзіцячым водным пісталетам замест баявога. А пакараннем за правіну іншага байца быў надпіс на бронекамізэльцы.
Таксама ў ПКК пацвердзілі, што байцы кожны месяц здаюць "дзесяціну" — пералічваюць 10% са сваіх заробкаў ва ўнутраны фонд палка. У прэс-службе каліноўцаў сцвярджаюць, што гэта робіцца добраахвотна. Такія адказы ад прэс-службы ПКК атрымаў на свае пытанні тэлеканал "Белсат".
Еўрарадыё з розных крыніцаў таксама было вядома пра гэтыя факты. У прыватнасці, байцы палка распавядалі нам, што "дзесяціна" была прычынай канфлікту загінулага байца "Брэста" са штабам палка.
Яшчэ ў ПКК пацвердзілі, што часам паміж байцамі здараюцца канфлікты, якія "могуць вырашацца не заўсёды шляхам перамоваў". Гэта пра тое, што ў палку здараліся выпадкі, калі адны байцы збівалі іншых. Пра ўсё гэта мы таксама хацелі запытацца ў прэс-службы каліноўцаў. Але яна адмовілася адказваць на нашыя пытанні яшчэ да таго, як атрымала іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.